Аператыўнікі Галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС затрымалі трох мужчын, якія падазраюцца ў некалькіх злачынствах гвалтоўнага характару. Ім ад 27 да 32 гадоў, у дачыненні да іх следчыя распачалі крымінальныя справы за хуліганства, гвалт і пагрозу гвалту ў дачыненні да службовых асоб, што выконваюць службовыя абавязкі, піша «Звязда».

У сярэдзіне мая кампанію выявіў у лесе Жыткавіцкага раёна начальнік мясцовай паляўнічай гаспадаркі. Ён запатрабаваў прадаставіць дакументы на паляванне і агледзець аўтамабіль (мужчыны маглі быць датычныя да незаконнага палявання і перавозіць здабычу).

Падазраваныя адмовілася падпарадкавацца і замест гэтага сталі пагражаць мужчыну расправай. Той сеў у службовы аўтамабіль і паспрабаваў з’ехаць — машыну заблакавалі. Калі на месца была выкліканая міліцыя, маладыя людзі збеглі. Праз некаторы час удалося ўстанавіць іх асобы, а ў далейшым ва ўцекачоў былі канфіскаваны прыбор начнога бачання, аптычны прыцэл. Падчас вобшуку ў жыллі аднаго з фігурантаў пазней канфіскавалі паляўнічую гладкаствольную незарэгістраваную стрэльбу. Акрамя таго, у той жа вечар таварышы спалілі паляўнічыя вышкі.

Адзін з затрыманых — мясцовы жыхар, яшчэ двое — яго таварышы са сталіцы і Мінскай вобласці. Усе трое неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства, незаконнае захоўванне паляўнічай стрэльбы і патронаў да яе, дробны крадзеж рыбы з сажалкі гаспадаркі, а таксама за непадпарадкаванне законнаму патрабаванню міліцыянераў. Таксама ў біяграфіі аднаго з фігурантаў — дзве судзімасці, у тым ліку за браканьерства.

Падчас расследавання крымінальнай справы аператыўнікі і следчыя ўстанавілі дачыненне мужчын і да іншых злачынстваў.

У чэрвені 2016 года два з падазраваных былі заспеты падчас незаконнай лоўлі рыбы ў закрытым вадаёме. Каб пазбегнуць затрымання і адказнасці, браканьеры аказалі супраціўленне і збілі аднаго з ахоўнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0