Амаль дзьве гадзіны Валер Цапкала адказваў на пытаньні жыхароў Віцебску. Сустрэча зь ім праходзіла ўвечары 8 чэрвеня каля бізнэс-цэнтру «Марка-сіці», дзе зьбіраюць подпісы ініцыятыўныя групы альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнта, піша «Радыё Свабода».

Паслухаць стваральніка Парку высокіх тэхналёгій сабраліся каля трохсот чалавек.

Выступоўца адказаў, што «ў нас асаблівыя стасункі з Расеяй, якія сягаюць далёка ў гісторыю». Цапкала ўхваляе традыцыю, калі пры зьмене палітычнай улады першыя візыты адбываюцца ў краіны-партнэры. «Расея наш партнэр», — адзначыў ён.

Далейшае існаваньне мытнага саюзу, на думку Цапкалы, наўрад ці магчымае. Бо Расея мае «запасы нафты, газу, чорных мэталаў, дыямэнтаў, дарагога дрэва». У Беларусі ж варта будаваць «эканоміку ведаў» на тэхналягічнай плятформе, зыходзячы з досьведу Парку высокіх тэхналёгій, які можна маштабаваць на ўсю краіну.

Ва ўступным слове Цапкала адзначыў, што хоча рэфармаваць у Беларусі пяць рэчаў: прамысловасьць, сельскую гаспадарку, адукацыю, ахову здароўя і сыстэму дзяржаўнага кіраваньня.

«Гэта дазволіць нам не цягнуцца ў хвасьце гісторыі і не глядзець, як іншыя краіны пасьпяхова разьвіваюцца, а сфармаваць уласны праект будучыні», — сказаў ён.

Ці не прарасейскі?

Найперш віцяблян цікавіла, ці не прарасейскі кандыдат Цапкала і ці стане Расея першай краінай, якую ён наведае ў ролі прэзыдэнта.

Гатовы «секчы з-за пляча»

Разьмеркаваньне Цапкала назваў «перажыткам савецкага ладу», якога ня можа быць пры рынкавай эканоміцы. А войска мусіць быць прафэсійным, але з улікам таго, што Беларусь — сярэдняя велічынёй эўрапейская краіна, якія ня зможа супрацьстаяць ні NATO, ні Расеі.

«Абавязковы прызыў будзе для ўсіх мужчын — на два дні, каб навучыцца зьбіраць аўтамат і страляць», — падкрэсьліў выступоўца.

На пытаньне, што будзе з парлямэнтам, калі Цапкала стане прэзыдэнтам, патэнцыйны кандыдат адказаў, што будзе праведзеная канстытуцыйная рэформа і адбудуцца выбары ў адпаведнасьці з новым заканадаўствам:

«Я не праціўнік таго, каб секчы з-за пляча».

Пра мясцовую ўладу, пэнсійны ўзрост і школы

Цапкала адзначыў, што цяпер мяняецца сытуацыя ў дачыненьні да мясцовай улады, яна мусіць выбірацца на месцах.

«Сёньня мясцовая ўлада — гэта лобі, якая езьдзіць у Менск і выбівае грошы. Спачатку грошы ідуць туды, а пасьля прыяжджае Лукашэнка і кажа, што за наступныя пяць гадоў зможа разьвіць Віцебскую вобласьць. За кошт чаго — за кошт Магілёўскай, Гомельскай, Горадзенскай, Менскай абласьцей?» — пытаецца выступоўца, які ўпэўнены, што толькі мясцовыя жыхары найлепш ведаюць праблемы рэгіёну.

Валер Цапкала разгорнута адказваў на пытаньні віцяблян. Самы кароткі адказ прагучаў пра пэнсійны ўзрост.

«60 і 55», — коратка прамовіў выступоўца і быў узнагароджаны аплядысмэнтамі.

Валер Цапкала казаў пра тое, што ў Беларусі настаўнік мусіць стаць асновай беларускага грамадзтва, таму што інтэлект — гэта «адзіная нашая канкурэнтная перавага». Заробкі і канкурэнцыя сярод выпускнікоў пэдагагічных вузаў будуць высокімі. А інвэстыцыі ў дзяржаўныя школы — велізарнымі.

«Я хачу, каб нашыя школы былі «цукеркамі». Запрашу фінаў, адрэканструюем нашы школы — яны будуць узорнымі», — паабяцаў ён.

Адзін з прысутных пацікавіўся, ці не давядзецца Беларусі, якую пабудуе Цапкала, змагацца з хваляй эміграцыі, а таксама «гей-парадамі і аднаполымі шлюбамі».

«Давайце лепш будзем жыць, як у Аўстрыі, атрымліваць па 2,5 тысячы эўра, а там няхай іншы змагаецца з эміграцыяй і іншымі праблемамі», — адказаў выступоўца.

«Нічога выбітнага Лукашэнка не зрабіў»

На пытаньне жанчыны, ці гатовы Цапкала зараз стаць прэзыдэнтам, прагучаў эмацыйны адказ.

«Галоўная крыніца ўлады ў Беларусі — беларускі народ. Лукашэнка ня бог, ня цар і нават не герой. Нічога выбітнага ён не зрабіў. Ніякага подзьвігу ня зьдзейсьніў. Ён неаднаразова кляўся, што, калі народ не захоча яго бачыць, сыдзе. Зараз у яго ёсьць магчымасьць гэтую клятву выканаць. Дзеля гэтага ён мусіць правесьці праўдзівыя выбары. Хай пакажа, што ён гаспадар свайму слову».

Ад адказу на пытаньне, што новы прэзыдэнт зробіць з Лукашэнкам, Цапкала ўхіліўся.

«Бабарыку прэм’ер-міністрам возьмеце?»

«Бабарыку прэм’ер-міністрам возьмеце?» — адным з апошніх прагучала пытаньне.

«Давайце будзем рухацца наперад у палітычным працэсе. Усіх разумных людзей будзем задзейнічаць. Кожнаму знойдзецца месца. Трэба абапірацца на спэцыялістаў. Калі ягоная праграма будзе супадаць з маім бачаньнем, то безумоўна», — адказаў Цапкала.

Віцебск як рэгіянальны хаб

Сканчваючы выступленьне, Цапкала асаблівую ўвагу зьвярнуў на Віцебск і паабяцаў у першую чаргу ў мясцовы аэрапорт пусьціць лоўкосты, каб віцябляне за 50 эўра маглі лятаць у Барсэлёну і іншыя эўрапейскія гарады.

«Віцебск мусіць стаць рэгіянальным хабам, — запэўніў прысутных Цапкала. — А «Белавія» будзем разьвіваць як нацыянальную авіякампанію, у якой кожны грамадзянін Беларусі будзе мець акцыі. А таксама акцыі калійнай кампаніі».

Па словах Цапкалы, увесь прыбытак ад экспарту калійных угнаеньняў будзе дзяліцца паміж грамадзянамі краіны, якія лепш за ўсіх ведаюць, як гэтымі грашамі распарадзіцца. Вядома, з абмежаваньнямі — іх нельга будзе прапіць і прагуляць у казіно.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?