Святлана Сідаровіч жыла ў аграгарадку Сноў Нясвіжскага раёна. 4 чэрвеня жанчына памерла, хавалі яе ў закрытай труне. Родныя не змаглі развітацца з ёй.

Святлана Сідаровіч. Фота з ok.ru

Святлана Сідаровіч. Фота з ok.ru

Сын Яўген расказаў «НН», як адбывалася лячэнне. Ён лічыць, што каранавірус у мамы быў, хоць афіцыйныя звесткі кажуць пра іншае. Вось што расказаў Яўген:

«Маме быў 51 год. З 2000 года яна працавала ў СВК «Агракамбінат Сноў», але сёлета ў сакавіку пайшла на пенсію па інваліднасці.

Усё пачалося ў кастрычніку 2019-га, калі ў яе знайшлі анкалогію ў кішэчніку.

У яе былі моцныя болі ў вобласці жывата. Мама звярталася ў Нясвіжскую ЦРБ, дзе пасля агляду яе адпраўлялі дадому, бо аналізы былі добрыя, а на УГД нічога не знайшлі. Але я настойваў, каб мама звярталася яшчэ і клалася ў бальніцу ў выпадку неабходнасці.

У выніку так і атрымалася: яе паклалі ў Нясвіжскую ЦРБ для абследавання, дзе потым і выявілі анкалогію. Зрабілі складаную аперацыю, за што я вельмі ўдзячны ўсім хірургам. Да яе ставіліся ў шпіталі вельмі добра.

З таго часу яна прайшла сем хіміяпрацэдур у Бараўлянах. У прамежках між працэдурамі была зробленая КТ. Па словах лекараў, усё было някепска: метастаз не было, стан добры.

Калі пачалася пандэмія, я і мая сям'я стараліся не наведваць бацькоў, толькі размаўлялі праз акно або з балкона, дый тое было рэдка. Дзяцей наогул не адпраўлялі да бабулі і дзядулі. Я казаў, каб мае бацькі наогул не прымалі гасцей, хоць сваякі і так разумелі сітуацыю і стараліся не прыходзіць.

Мама выходзіла на вуліцу, але выконвала ўсе правілы абароны (у масцы, пальчатках) і толькі ў той час, калі людзей на вуліцы не вельмі шмат. Паколькі мы жывём у аграгарадку, то людзей на вуліцах няшмат, а вечарамі ўвогуле амаль пуста. І вось прыйшоў момант, калі мама пачала скардзіцца на кашаль і боль у вобласці грудной клеткі, толькі ў баку.

Яна хадзіла ў мясцовую амбулаторыю, дзе яе аглядаў доктар, але сказаў: «Лёгкія чыстыя, хрыпаў няма». 9 мая мама папрасіла мяне адвезці яе ў Нясвіж у бальніцу, бо дыхаць было цяжкавата.

Там якраз дзяжурыў доктар, які ўласна і рабіў ёй аперацыю. Ён быў у курсе яе сітуацыі, бо мама часта ездзіла на агляд падчас асноўнай хваробы.

Зрабіўшы здымак лёгкіх, выявілі двухбаковую пнеўманію, хоць ніякіх сімптомаў ў яе не было, акрамя невялічкай задышкі: тэмпературы не было, лёгкія былі чыстыя, хрыпаў не было, сатурацыя добрая (97%), але настойвалі на шпіталізацыі.

Мы прыслухаліся, і мама засталася ў бальніцы. Па словах дактароў, яе павінны былі толькі пракапаць і адпусціць. На наступны дзень, 10 мая, у яе ўзялі мазок на каранавірус і сталі лячыць кропельніцамі і антыбіётыкамі. Па стане мамы здавалася, што ўсё ў яе добра.

Яна казала, што задышка ўжо не такая і ёй лягчэй. Праз некалькі дзён праз УГД у яе знайшлі вадкасць у лёгкіх. Адвезлі на КТ у Салігорск, дзе пацвердзілі гэта. Акрамя гэтага, знайшлі штосьці ў печані, але сказалі, маўляў, нічога страшнага, «жыць будзе доўга і шчасліва». У лёгкіх, акрамя вадкасці, усё было добра.

Праз некалькі дзён у яе пачаў павышацца цукар. Пачалі калоць інсулін. Увесь гэты час ёй штодня вымяралі сатурацыю — таксама ўсё было добра (ніжэй за 94% не апускалася).

Прыкладна праз два тыдні пасля шпіталізацыі маме стала нашмат горш. Яна ўжо была не такая вясёлая, голас зусім змяніўся. Было чуваць, што ў яе з'явілася моцная задышка і ёй было цяжка дыхаць.

Пра мазок на каранавірус так і не казалі. На здымках і УГД канстатавалі вадкасць у лёгкіх. Яе пачалі адпампоўваць, але з кожным днём станавілася ўсё горш і горш. Праз знаёмых я знайшоў нумар тэлефона доктара, які лячыў яе. Ён мне патлумачыў сітуацыю, прыкладна гэтак жа, як і сама мама.

Праз пару дзён захварэў і сам доктар — у яго пацверджаная «карона».

Я змог паразмаўляць з галоўнай доктаркай бальніцы. Яна падрабязна расказала, што ў мамы метастазы ў печані, вадкасць у лёгкіх і наогул сітуацыя не з добрых. Увесь гэты час маму працягвалі лячыць антыбіётыкамі, праўда, як сказалі дактары, ужо іншымі. Потым маму змясцілі на кісларод, бо ўпала сатурацыя і стала цяжка дыхаць.

Тым часам прыйшоў мазок на каранавірус — ён быў адмоўным.

Так прайшло больш за два тыдні, ёй узялі яшчэ адзін мазок. Мама прасіла, каб ёй далі накіраванне ў Мінск, ёй адмовілі. Але тут з'явілася яшчэ адна праблема. У палату да мамы падсялілі жанчыну са станоўчым тэстам на кавід.

Я ўжо не ведаў, што рабіць, звярнуцца не было да каго. Я пазваніў у гарачую лінію Міністэрства аховы здароўя, і яны абяцалі дапамагчы. Праз пару гадзін мне ператэлефанавала загадчыца аддзялення, дзе ляжала мама, каб даведацца ўсе мае прэтэнзіі.

Патлумачыўшы сітуацыю, я папрасіў накіраванне на Мінск або кансультацыю пульманолага. Яны гатовыя былі даць, але… ўжо не маглі яе адправіць, бо мама, па-першае, стала кантактам першага ўзроўню, а па-другое, яе ўжо нельга было адлучыць ад апарата з кіслародам.

Пасля майго звароту яны заварушыліся. Мне сказалі, што і другі тэст аказаўся адмоўным. Праз дзень усе маміны дакументы адправілі на кансультацыю да анколага ў Бараўляны. Праз два дні ўсе адказы былі на руках.

Раніцай 3 чэрвеня я патэлефанаваў маме, але яна ўзяла тэлефон не з першага разу і ўжо практычна не магла размаўляць. Мне ператэлефанавала загадчыца аддзялення і сказала, што з Мінску парэкамендавалі памяняць антыбіётыкі і прызначылі іншае лячэнне. А таксама сказала, што ў мамы метастазы ў лёгкіх, шмат вадкасці, таму яе пераводзяць у рэанімацыю.

Я разумеў, што можа адбыцца, і хацеў датэлефанавацца да мамы, але яна ўжо не падымала тэлефон.

4 чэрвеня я пазваніў у рэанімацыю, каб даведацца пра стан мамы. Доктар сказаў, што стан вельмі цяжкі, а праз 15 хвілін ператэлефанаваў і прынёс спачуванні…

Дактары потым казалі мне, што рабілі ўсё, што маглі. Але ў мяне засталося шмат пытанняў па лячэнні на пачатковай стадыі. Я не веру, што літаральна за тыдзень пасля нармальнага КТ пайшлі метастазы і стаў рэзка пагаршацца стан, прытым што два тэсты былі адмоўнымі. Я не медык, можа, яно так і бывае, але…

Калі мы забіралі рэчы, нам рэкамендавалі хаваць маму ў закрытай труне, бо другі тэст на каранавірус не прыйшоў (хоць да гэтага казалі, што вынік ёсць) і побач з ёй маглі знаходзіцца хворыя з каранавірусам. Маўляў, гэта ўсё для нашай бяспекі. Мы так і зрабілі, у выніку не змаглі ні пабачыць маму, ні развітацца…

Ні мой бацька, які жыў разам з мамай, ні мая сям'я, ні нашы сваякі — ніхто не захварэў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?