Ілюстрацыйнае фота.

Ілюстрацыйнае фота.

20-гадовы Сяргей Валошын загінуў 8 чэрвеня ў адной з вайсковых частак ад агнястрэльнай траўмы. Пра гэта афіцыйна паведаміла Міністэрства абароны.

«Сьледзтва разьбіраецца ва ўсіх абставінах таго, што адбылося. Праводзяцца сьледчыя дзеяньні, працэсуальныя мерапрыемствы», — паведаміў Cвабодзе прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч.

Сяргей родам з Горадні. Як стала вядома Свабодзе ад знаёмых хлопца, да прызыву ў войска ён вучыўся ў хіміка-тэхналягічным каледжы. У канцы мінулага навучальнага году, па словах сяброў нябожчыка, у яго ўзьніклі праблемы па вучобе. Сяргея адлічылі, ён пайшоў працаваць на прадпрыемства, зьвязанае з дрэваапрацоўкай, дзе раней праходзіў практыку.

Увосень 2019-га яго забралі ў войска на паўтара года. Паводле сяброў, службу Сяргей праходзіў у войсках СПА, у зэнітна-ракетнай брыгадзе каля вёскі Шаршуны.

«Што тычыцца войска, то ён казаў, што разумее ўсе яго цяжкасьці і што ён, хутчэй за ўсё, будзе адставаць у сваёй роце. А тых, хто адстае, трэціруюць. Таму ў войска яму хацелася ад слова «ніяк». Ён быццам бы тое самае казаў і псыхолягу ў войску, калі я правільна памятаю», — сказаў Свабодзе сябар хлопца па інтэрнаце Мікіта.

Апошні раз Мікіта кантактаваў з Валошыным у лютым. Кажа, склалася ўражаньне, што Сяргей ня мае праблемаў на службе: «Не бяз загваздак, але ён спраўляўся».

Сябар характарызуе яго як звычайнага хлопца, які, як і астатнія маладыя хлопцы, цікавіцца кампутарнымі гульнямі, навукова-папулярнымі каналамі, гістарычнымі рэканструкцыямі.

«Ён быў даволі інтэлігентным чалавекам, стараўся заўсёды быць на пазытыве. Многія людзі з майго кола адгукнуцца пра яго станоўча. Імкнуўся даведвацца новыя рэчы і расказваць пра гэта іншым людзям. Любіў абмяркоўваць зь імі амаль усё — ад сярэднявечных ваенных тактык і побыту да тэхналёгій будучыні».

У Сяргея было шмат сяброў у іншых краінах, асабліва ў Расеі. Па словах іншага сябра, дзякуючы інтэрнэту Валошын трапіў у інтэрнацыянальную кампанію. Маладых людзей аб’яднала захапленьне ролевымі гульнямі.

«Ён быў досыць замкнёны і нешматслоўны, але максымальна ўраўнаважаны. Быў разумны і шмат чытаў, быў прыемны ў камунікацыі. Мог пажартаваць, ня быў сацыяпатам», — расказвае іншы сябар Валошына.

Па яго словах, Сяргей у войска не хацеў, бо разумеў, «якая абстаноўка ў Беларусі».

«Але якія былі варыянты?» — кажа сябар салдата.

Сябры Валошына ў самагубства ня вераць і кажуць, што хлопец быў дастаткова «спакойны і мог перажыць праблемы», калі б яны былі. Па іх словах, сям’я нябожчыка даведалася пра здарэньне 9 чэрвеня.

«У кожнага з нас розны запас трываласьці. Калі вы спытаеце, ці быў Сяргей такім чалавекам, які палічыў бы гэта найлепшым выхадам, то не, гэта малаверагодна. Але я не выключаю такой сытуацыі, проста таму, што ў нас няма ніякай інфармацыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?