Традыцыйныя выпускныя вечары сёлета адмянілі, а сутачную забарону на продаж алкаголю — не. Але ёсць і выключэнні: у Мінску ўводзіць абмежаванні на продаж спіртнога не будуць, у некаторых гарадах і раёнах забарона будзе дзейнічаць не суткі, а некалькі гадзін, у нейкіх раёнах абмежаванні ўвядуць 11 чэрвеня, піша tut.by.

10 чэрвеня ва ўсіх абласных цэнтрах — Магілёве, Гомелі, Віцебску, Гродне і Брэсце, а таксама ва ўсіх раёнах продаж спіртнога будзе абмежаваны.

Абмежаванні тычацца ўсіх відаў алкаголю — ад піва да гарэлкі і каньяку. Але купіць спіртное ўсё ж будзе можна ва ўстановах грамадскага харчавання: кавярнях, барах і рэстаранах.

Раней часцей за ўсё мясцовыя ўлады ўводзілі забарону на суткі, з 08.00 10 чэрвеня да 08.00 11 чэрвеня ў сувязі з правядзеннем выпускных вечароў.

Сёлета абмежаванні ўведзеныя не паўсюдна і не аднолькава-ёсць і выключэнні. У Мінску забарону на продаж алкаголю не ўводзяць. У Гродне, напрыклад, абмежаванні ўвялі не на цэлы дзень, а з 16.00 10 чэрвеня да 00.00 11 чэрвеня.

А ў Мінскім раёне выпускныя пройдуць 11 чэрвеня, таму абмежаванні ўвядуць менавіта ў гэты дзень.

Нагадаем, выпускныя-2020 пройдуць 10—11 чэрвеня ў нязвыклым фармаце. З-за пандэміі Міністэрства адукацыі рэкамендавала, каб свята абмежавалася ўручэннем атэстатаў. Аднак фармат мерапрыемства кожная навучальная ўстанова выбірае самастойна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0