Міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч і міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак 9 чэрвеня абмеркавалі актуальныя пытанні супрацоўніцтва ў газавай сферы, паведаміла БЕЛТА прэс-сакратар Мінэнерга Вольга Казловіч.

Перамовы прайшлі ў фармаце відэаканферэнцыі. У іх узялі ўдзел пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка, а таксама старшыня назіральнай рады, намеснік кіраўніка апарата праўлення — дарадца старшыні праўлення «Газпрама» Аляксандр Мяшкоў.

Бакі абмяняліся думкамі адносна выканання ўмоў разліку за пастаўляны ў Беларусь расійскі газ. Пры гэтым пазіцыя беларускага боку застаецца нязменнай: для ўрэгулявання рознагалоссяў, якія ўзніклі паміж суб'ектамі гаспадарання па цане на газ з улікам яго каларыйнасці, ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» неабходна прадаставіць методыку вызначэння фактычнай сярэднямесячнай цеплыні згарання прыроднага газу з метралагічным пацвярджэннем яе прыдатнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі.

Акрамя таго, былі закрануты пытанні паставак расійскага газу ў 2020 годзе. «За мінулы перыяд 2020 года захоўваецца тэндэнцыя да зніжэння цэнаў на расійскі газ, які пастаўляецца ў Еўропу — як спотавых, так і па доўгатэрміновых кантрактах. У сувязі з гэтым беларускі бок чарговы раз адзначыў неабходнасць перагляду цэнаў на газ для Беларусі з вызначэннем яе карэктнага і справядлівага ўзроўню», — падкрэслілі ў прэс-службе.

«Беларускі бок выказаў зацікаўленасць у хутчэйшым вырашэнні пазначаных пытанняў і пошуку ўзаемапрымальных рашэнняў па далейшаму супрацоўніцтву з расійскім бокам у газавай сферы», — дадалі ў прэс-службе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0