Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) ГУУС Мінгарвыканкама перастаў прымаць перадачы для затрыманых — «у сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкай». Гэтую інфармацыю апублікавала ў сябе ў Facebook Марына Адамовіч, жонка апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча, які цяпер адбывае там арышт.
Па нумары дзяжурнага ў ЦІП TUT.BY пацвердзілі, што з 10 чэрвеня перадачы часова не прымаюцца «з-за неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкі». Як доўга працягнецца гэтая забарона, дзяжурны растлумачыць не змог.
— Гэта значыць, сваякі не змогуць перадаць нават ваду або сродкі гігіены?
— Перадачу не прымуць.
Прэс-афіцэр ГУУС Мінгарвыканкама Надзея Ганусевіч пацвердзіла TUT.BY, што ў ЦІП часова не прымаюць перадачы.
— Гэтыя абмежаванні прадугледжаныя ўнутранымі дакументамі ГУУС Мінгарвыканкама і працягнуцца да паляпшэння эпідэміялагічнай абстаноўкі.
На пытанне, чаму гэтыя абмежаванні не ўвялі раней, калі эпідэміялагічная сітуацыя ў Мінску была больш напружанай, TUT.BY у міліцыі не адказалі.





