Вось ужо каторыя запар прэзідэнцкія выбары ў Беларусі з'яўляюцца загадкавыя прэтэндэнты, пра якіх нічога не ведае грамадства і якія не дэманструюць аніякай актыўнасці па зборы подпісаў. Але пасля яны заносяць ў выбарчыя камісіі незразумела адкуль узятыя 100 тысяч подпісаў і становяцца кандыдатамі.
Адным з такіх загадкавых кандыдытаў сёлета можа стаць Наталля Кісель — намесніца дырэктара кампаніі «Кісель В. В.», якая працуе ў сферы грузаперавозак. У яе падтрымку нібыта сабрана 108 тысяч подпісаў.
Наталля Кісель
Кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Штода пахваліўся ў каментары «Радыё Свабода», што ў ініцыятыўнай групе былі рэкардсмены, якія сабралі ажно каля 500 подпісаў.
Ініцыятыўная група Кісель складаецца са 147 удзельнікаў. Подпісаў сабрана трохі больш за 108 тысяч. То-бок кожны зборшчык мусіў падпісаць у сярэднім па 735 чалавек.
Штода ж радасна рапартуе, што рэкардсмены прынеслі па 500 подпісаў. Астатнія, атрымліваецца, яшчэ менш.
З чэмпіёнскімі лічбамі не сыходзіцца. Адкуль праблемы з матэматыкай?
«Наша Ніва» звярнулася па каментар да самога Сяргея Штоды.
«У нас 2500 чалавек займаліся зборам, таму не склала цяжкасцяў сабраць подпісы ў момант. Афіцыйна з пасведчаннямі было 147 чалавек, але ў нас за ўвесь час ні адзін чалавек не спытаў пасведчанне, — тлумачыць Штода. — А вы што, думаеце, што ва ўсіх, хто збірае подпісы, ёсць пасведчанне з сабой?
Ну вось у мяне жонка на працы збірала. 150 чалавек у іх працуе. Яна пайшла і падпісала на маё імя ўсіх на працы. Ну і што?» — прызнаўся ў грубым парушэнні выбарчага заканадаўства кіраўнік ініцыятыўнай групы Наталлі Кісель. Аўдыязапіс размовы ёсць у Рэдакцыі «Нашай Нівы». Сяргей Штода быў папярэджаны пра вядзенне аўдыязапісу.
«Я вам вобразна, не пішыце пра маю жонку, а то будуць праблемы ў вас», — заявіў ён карэспандэнту «НН».
Паводле заканадаўства подпісы, якія збіраў не сябар ініцыятыўнай групы, а трэцяя асоба, лічацца несапраўднымі.





