Фота Надзеі Бужан з пікета ў Мінску 31 мая

Фота Надзеі Бужан з пікета ў Мінску 31 мая

Віктар Марціновіч піша на budzma.by пра пасадку як асноўную стратэгію змагання з іншадумствам

Наколькі б складаныя выклікі ні стаялі перад сістэмай апошнія 10 гадоў, яна вырашае іх універсальным сродкам — астрогам. Турма зрабілася не проста асноўным, а адзіным аргументам у любых спрэчках, ад адціскання патрэбнага бізнэсу да прыбірання апанентаў на выбарах.

У кіданні за краты ёсць процьма выгодаў: чалавек адразу робіцца нябачным, яго можна пазбавіць магчымасці гаварыць у сваю абарону, можна (праз ненаяўнасць вольных пакояў для сустрэч) адмаўляць у спатканнях з адвакатамі. На яго можна ціснуць як заўгодна, а калі ты ў мураваным пакоі і ніхто не бачыць твой страх і боль, ціск робіцца асабліва эфектыўным. Пакуль ён сядзіць, пра яго можна казаць усё што хочаш, у тым ліку што ён цалкам прызнае сваю віну, абвергнуць гэта чалавек не здолее, тым больш калі суд зрабіць закрытым.

Дадамо сюды тое, што, калі яго пасадзіць на важкі тэрмін, напрыклад на 5 гадоў, ён як палітычная альтэрнатыва канчаткова знікне, бо, пакуль ён сядзіць у цішы і паўзмроку, краіна змяняецца і ўсе расклады робяцца іншымі — упісацца ў іх «сядзельцу» немагчыма.

Супрацьпаказанні астрогу настолькі неістотныя, што на іх можна проста не зважаць: ну, Еўропа выкажа занепакоенасць. Дык а нашто нам тая Еўропа? Нам жа галоўнае, каб «яны» краіну не атрымалі.

Ну, МВФ не дасць крэдыту. Але пра што з ім, з МВФам, гаварыць, як не пра нашы ўмовы на крэдытную лінію? Мы вам — вызваленне палітычных, вы нам — баблосы. Бо інакш жа будуць патрабаваць рэфармавання эканомікі. А так суцэльная красата, тон задае той, хто саджае.

І як жа гладка і красіва саджалі ў 2000-я. Потым пачаліся першыя праблемы.

У палітыку пачалі лезці толькі тыя, каму нямашака чаго было прад’явіць. Ну, не бяда — у Крымінальным кодэксе знайшлося некалькі артыкулаў, прыдатных для таго, каб нават паэта Някляева проста з ложка сцягваць за краты. З 2010 года турэмная індустрыя моцна развілася, падмацоўваючы адчуванне, што невінаватых не бывае, ёсць дрэнна справакаваныя. Як там, дарэчы, справа журналіста Чудзянцова (не маю да яго ніякіх сімпатый, але ж)? Нічога? А ён сядзіць і будзе сядзець столькі, колькі спатрэбіцца.

Бо астрог — наша ўсё.

Але ёсць лёгкае адчуванне, што Ціханоўскі ў 2020-м — не тое самае, што Статкевіч у 2010-м (і ў 2005-м!).

Саджаюць наогул у двух выпадках:

а) калі некага баяцца;

б) калі трэба, каб баяліся ўсе астатнія.

Усе папярэднія палітычныя справы мелі выразную афарбоўку варыянта «б». Бо я ніколі не паверу, што паэт Някляеў уяўляў сабой вострую пагрозу, пазбавіцца якой можна было толькі расправай. Не, выпадак 2010-га выглядаў так: была адносна папулярная сістэма, з рэйтынгам, які перавышаў 50 адсоткаў (але не настолькі, як было аб’яўлена), і была пратэсная меншасць, якой трэба было даць па зубах і шыкнуць, каб яна забілася пад лаву і баялася. Я не ведаю дакладна, колькі людзей ў 2010-м было супраць.

30 адсоткаў?

Меней?

Седзячы ў фэйсбуку, здавалася, што супраць «усе», — але тое стандартныя скажэнні герметычных суполак.

Арышт няўдалага прэтэндэнта ў кандыдаты Ціханоўскага пасля таго, як праз «суткі» яму нават не далі падаць дакументы — ды такі арышт, з такім скандальным відосам, што глядзяць цяпер і ў Берліне, і ў Маскве, — гэта нешта іншае.

Гэта жэстура сістэмы, якая прыбірае таго, хто з’яўляецца велізарнай праблемай асабіста. І ці гэта не дзіва: у краіне спатрэбілася «закрываць» нават не кандыдата, а мужа кандыдаткі, які вядомы толькі тым, што быў блогерам…

Паняцці гонару і элегантнасці перамогі канчаткова адсунутыя ўбок, выбары сталі на рэйкі спецаперацыі.

І ўсё гэта на фоне лічбаў падтрымкі, якія прарываюцца цяпер адусюль.

Зразумела, што можна і так. Можна не рэгістраваць Бабарыку, адмаўляць Цапкалу і пакідаць у бюлетэнях толькі выразных клоўнаў, як тое ласкава цяпер шэпчуць у вуха генералы.

Але ці не найкарацейшы гэта шлях да таго, каб аддаць краіну «ім»? Бо тады перамоўцаў проста не застанецца. Тады па той бок будзе толькі апантаны натоўп, з якім «па-харошаму» дакладна не атрымаецца, і востра спатрэбяцца «міратворцы».

Ці не той гэта сцэнар, да якога вас штурхаюць тыя «яны», якім вы баіцеся аддаць Беларусь?

Бо я хацеў бы патлумачыць адну важную штуку, якая дагэтуль застаецца незразумелай таварышам генералам. А магчыма, яны гэта выдатна пратумкалі і працуюць цяпер крышачку не ў ваш бок.

Эфектыўнымі арышты застаюцца толькі тады, калі трэба спужаць меншасць. Калі загула большасць — трэба думаць не пра пугу, а пра пернік. Бо вы ж бачыце, што адбываецца: людзі, якія стаяць у чэргах, — не разбегліся. Нават пасля відосаў з дронавага аблёту хаціны 81-гадовай прыхільніцы Ціханоўскага.

Яны страцілі лідара, яны зніякавелі і пакуль не ведаюць, што рабіць далей, але працягваюць выходзіць. І гэта яшчэ нават блізка не выбары.

То мая парада — адумайцеся і адсуньце далей кайданкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?