Уладальніца цэнтра дапамогі дзікім жывёлам «Сірын» Ірына Траяноўская звярнула ўвагу, што на беларускіх анлайн-барахолках сярод тэхнікі і вопраткі можна знайсці аб’явы аб продажы дзікіх жывёл.

«Колькі кожны год дзікіх жывёл прадаецца на «Куфары» і раз’язджаецца па кватэрах і прыватных руках. І колькі іх потым аказваецца ў лепшым выпадку ў заапарках, а ў горшым — проста на вуліцы», — заўважае Ірына.

«Наша Ніва» звязалася з гаспадарамі дзікіх ліс, янотаў і ваўкоў, каб даведацца, наколькі легальна яны ўтрымліваюць сваіх «гадаванцаў» і адкуль наогул у іх гэтыя жывёлы.

Телефануем Святлане з Брэста, яна прадае янота за 600 рублёў.

«Гэтага янота я купіла, цяпер на яго не хапае часу. Больш адказваць вам не буду, да пабачэння».

Наступны — Сяргей з Мінску. Ён прадае дзікую лісу за 650 рублёў:

— Прадаю, таму што ў нас ферма, і наша ліса прыцягнула гэтае лісяня. Мы б маглі яго ці пакінуць гінуць, ці забраць да сябе. Але справа ў тым, што ён якраз збег тры дні таму — трэба аб’яву прыбіраць.

— А жывёла была зарэгістраваная ў Мінпрыроды, ці ёсць дамова куплі-продажу?

— Нічога такога няма, нідзе жывёлу не рэгістраваў.

Сяргей з Лагойска прадае на «Куфары» ваўчанят і кажа, што мае на гэта права. Кошт аднаго ваўка ў мужчыны — 100 даляраў, з 10 рублёў пачынаецца торг:

«У мяне ёсць дазвол на ўтрыманне і развядзенне ваўкоў. Больш я вам нічога не скажу».

Алеся з Бабруйска прадае янота-паласкуна за 500 рублёў:

«Гэта жывёлы, якія трымаюцца ў заапарку, у нас іх 4 штукі з’явілася — для нас такая колькасць занадта вялікая. Усе дакументы на іх ёсць, як і дазволы на жывёлу. Дамова куплі-продажу будзе. Калі прымаем жывёлу, яе аглядае ветэрынар: на пашкоджанні, шалуды, блохі». 

«Мінпрыроды слаба праводзіць маніторынг і кантроль дадзенага «бізнэсу»

Дырэктарка цэнтра па ахове жывёл «Анімалекс» Настасся Жаўрыд кажа, што на дзікіх жывёл дакладна павінна быць рэгістрацыя ад Мінпрыроды.

«Гэтая рэгістрацыя забяспечвае ўлік такіх жывёл і кантроль над умовамі іх ўтрымання. Без выканання ўмоваў Мінпрыроды не выдае пасведчанне аб рэгістрацыі.

Але ўся праблема ў тым, што Мінпрыроды слаба праводзіць маніторынг і кантроль гэтага «бізнэсу». «Прадпрымальнікі» не саромеюцца ў адкрытую публікаваць падобныя аб'явы аб продажы.

Калі ж такі продаж ажыццяўляецца сістэмна, то-бок калі чалавек прадаваў жывёлу два і больш разоў, то гэта ўжо прадпрымальніцкая дзейнасць, якая прадугледжвае рэгістрацыю ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка.

Для продажу дзікіх жывёл патрэбная дамова куплі-продажу, а таксама пасведчанне аб рэгістрацыі жывёлы ад Мінпрыроды, дзе ўказваюцца падставы набыцця (груба кажучы, адкуль узялася жывёла першапачаткова). Проста падабраць жывёлу і потым яе прадаць — гэта браканьерства.

У асноўным у нас такіх жывёл завозяць нелегальна з Расіі. Завозіць дзікіх жывёл без адпаведных дакументаў у Беларусь забаронена».

А што на гэта кажуць у Мінпрыроды?

«Калі жывёла знаходзіцца ў вашым распараджэнні, то ніхто не забараняе вам прадаваць або абменьваць яго, — тлумачыць «Нашай Ніве» кансультант аддзела біялагічнай разнастайнасці Таццяна Жалязнова. — Але паводле закона «Аб жывёльным свеце» дзікіх жывёлаў, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі ці трапляюць пад дзеянне Канвенцыі CITES, альбо дзікіх жывёлаў, для канфіскацыі з прыроды якіх патрабуецца атрымліваць дазвол, трэба абавязкова рэгістраваць у Мінпрыроды.

Для рэгістрацыі неабходна прынесці заяву і дакументы, якія пацвярджаюць законнасць валодання жывёлай. Калі чалавек набывае жывёлу на тэрыторыі Беларусі, ён павінен патрабаваць з прадаўца копію пасведчання аб рэгістрацыі жывёлы. Толькі пасля рэгістрацыі ён мае права здзяйсняць з жывёламі нейкія дзеянні.

Угоды з незарэгістраванымі жывёламі забараняюцца і з'яўляюцца несапраўднымі. Да адказнасці прыцягнуць як прадаўца, так і пакупніка. Адказнасць — штраф да 10 базавых велічынь для фізічнай асобы і да 100 базавых велічынь для юрыдычнай.

Калі дзікую жывёлу набываюць за мяжой, і яна трапляе пад дзеянне Канвенцыі CITES, то дадаткова трэба прад'явіць сертыфікат аб перамяшчэнні праз дзяржаўную мяжу. Калі такога дакумента няма, жывёлу могуць канфіскаваць.

Калі да нас прыходзяць за рэгістрацыяй дзікай жывёлы, мы правяраем умовы яе ўтрымання — неабходная плошча, тэмпература, вільготнасць, асветленасць».

— Ці адсочвае Міністэрства нелегальны продаж дзікіх жывёл?

— Мы выдатна разумеем гэтую праблему. Праблема барацьбы з інтэрнэт-гандлем дзікімі жывёламі існуе ва ўсім свеце. Мы працуем над гэтым пытаннем сумесна з МУС. Але праманіторыць усе гандлёвыя пляцоўкі і даведацца, дзе гандаль легальны, а дзе не, досыць складана. У сістэме нашага Мінпрыроды, можа, тры чалавекі гэтым займаецца.

Асноўная адказнасць усё ж ляжыць на тым, хто купляе дзікую жывёлу. Попыт нараджае прапанову. Пакупнік павінен праверыць легальнасць завозу на тэрыторыю Беларусі дзікай жывёлы і тое, як яна трапіла да чалавека з дзікай прыроды. Галоўны дакумент для гэтага — пасведчанне аб рэгістрацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?