Сёння, з 19:10 пачаліся памылкі па пераводах аўтарам кампаній на платформе МолаМола.

Магчымасць ажыццяўляць аперацыі заблакаваная з боку банка, паведамляе сэрвіс. Рашэнне аб блакаванні прынята кіраўніцтвам банка.

«Каманда МолаМола будзе цяпер рабіць усё магчымае, каб аднавіць працу сайта», — гаворыцца ў паведамленні.

МолаМола працавала з Белгазпрамбанкам. Стваральнік МолаМола — Эдуард Бабарыка, сын былога кіраўніка Белгазпрамбанка Віктара Бабарыкі.

Платформа вядомая тым, што з яе дапамогай было рэалізавана шмат культурных, валанцёрскіх і грамадзянскіх ініцыятыў.

Спыненне работы сэрвісу праходзіць на фоне сённяшніх ператрусаў у офісе Белгазпрамбанка ў Мінску, якім кіраваў патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка. Туды прыбылі каля 50 сілавікоў у масках.

Заведзена крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 «Ухіленне ад выплаты сум падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры», ч. 2 арт. 235 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры».

Сярод яскравых нядаўніх збораў сродкаў праз МолаМола была дапамога звольненаму за палітыку фельчару хуткай дапамогі з Ліды, калі за дзень паўтары тысячы чалавек сабралі больш за 20 000 рублёў.

Акрамя таго, за апошнія тыдні каля 400 тысяч рублёў было сабрана на дапамогу медыкам і медустановам розных рэгіёнаў краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0