Фота Вольгі Шукайла

Фота Вольгі Шукайла

Цяпер, калі Беларусь уваходзіць у кампанію па выбарах прэзідэнта, асабліва важна, каб асноўныя правы і свабоды былі цалкам выкананыя. Такое меркаваньне ў каментары Tut.by выказаў пасол ЕС у Беларусі Дырк Шубель.

«Мы занепакоеныя нядаўнімі дзеяннямі, распачатымі супраць Віктара Бабарыкі, і заклікаем да поўнага выканання законнасці. Спадзяюся таксама, што праваахоўныя органы расследуюць ананімныя тэлефонныя пагрозы, якія паступілі на адрас патэнцыйнай кандыдаткі Святланы Ціханоўскай, і прыцягнуць вінаватых да адказнасці», — адзначыў дыпламат.

Ён дадаў, што занепакоены і паведамленнямі пра выпадкі жорсткага абыходжання з боку сіл правапарадку, а таксама пра дрэнныя ўмовы ўтрыманьня асобаў, арыштаваных за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, што прайшлі з 6 мая па 10 чэрвеня.

Шубель заклікаў улады Беларусі неадкладна вызваліць усіх затрыманых актывістаў і выконваць міжнародныя абавязкі згодна з Канвенцыяй ААН супраць катаванняў, удзельнікам якой з'яўляецца Беларусь.

«Такія крокі будуць спрыяць дэмакратычнаму развіццю Беларусі і ўмацаванню яе суверэнітэту і незалежнасці. Як адзначалася ў сумеснай заяве ЕС, Брытаніі і ЗША, тое, як пройдуць гэтыя выбары, будзе мець ключавое значэнне для далейшага развіцця шматбаковых адносінаў з Беларуссю», — падсумаваў Дырк Шубель.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0