Нягледзячы на затрыманні і ператрусы, у мінскім штабе патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі праца кіпіць. Карэспандэнт Еўрарадыё пабываў там удзень 18 чэрвеня. У штабе працягваецца праверка сабраных подпісаў.
«Мы працуем у штатным рэжыме, працягваем працу, не мяняем нічога ў нашай дзейнасці, — кажуць там. — Падлік, верыфікацыя, падрыхтоўка галасоў».
У чацвер было заяўлена, што за вылучэнне Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты ўжо сабрана 425 тысяч подпісаў. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына пацвердзіла, што 150 тысяч подпісаў ужо было здадзена.
На пятніцу запланаваныя прэс-канферэнцыя і стрым а 19-й. Там пойдзе гаворка пра далейшыя дзеянні. «Цяпер мы чакаем заяву ад афіцыйных структур па пытанні затрымання Віктара і Эдуарда», — кажуць у штабе.
Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард, кіраўнік яго штабу, былі затрыманы раніцай 18 чэрвеня. Іх не выклікалі позвамі, проста спынілі аўтамабіль і затрымалі.





