18 чэрвеня ў Мінску каля філармоніі праходзіць супольны пікет правацэнтрыстаў, каб выказаць салідарнасць з Сяргеем Ціханоўскім, Паўлам Севярынцам, Міколам Статкевічам і іншымі затрыманымі падчас перадвыбарчай кампаніі.
Мерапрыемства праходзіць у форме стандартнага пікета па зборы подпісаў. Стаяць столікі Губарэвіча, Кавальковай, Казлова.
«Сімвалізм можа быць толькі ў колькасці удзельнікаў. Так людзі могуць выказаць падтрымку тым, хто за кратамі. З улікам сённяшніх рэалій іншыя дзеянні могуць расцаніць як мітынг. Мы не хочам, каб людзі пацярпелі», — кажа Юрась Губарэвіч.
На пікеце на 20:20 было каля 670 чалавек. Чарга расцягнулася да Кастрычніцкай плошчы.
Міліцыя ходзіць, просіць чаргу пасунуцца на паўметра, далей ад дарогі. «Перашкаджаеце праходу», — кажуць сілавікі.
Машыны на праспекце сігналяць у падтрымку ўдзельнікаў.
Палітык Вольга Кавалькова ў мегафон вітае чаргу, удзельнікі ёй апладзіруюць.
«Пакажам, што ёсць у Беларусі вольныя людзі. Дзякуй за салідарнасць», — вяшчаюць у мегафон палітыкі.
Людзі стаяць у чарзе з роварамі, сабакамі і нават дзецьмі ў вазках.
«Стаім, бо мы за сумленныя выбары», — кажуць людзі ў чарзе.
Андрэй — будаўнік-аддзелачнік, адзін з удзельнікаў мерапрыемства, не першы раз на пікетах.
«Ужо не злосць, лютасць. Я падпісаўся за ўсіх апроч аднаго», — сказаў ён.
Пачаўся дождж і навальніца, але людзі ўсё адно далучаюцца да чаргі.
Падчас непагадзі таксама пачаўся град. «Вось гэта сіла ўрада, хочуць нагнаць страху на людзей», — жартуюць людзі з непагадзі.
Некаторыя ўдзельнікі схаваліся ў суседнія крамы, але многія застаюцца ў чарзе. Парасоны амаль зносіць ветрам, людзі наскрозь мокрыя праз залеву.
Людзі дапамагаюць адно аднаму парасонамі. Тыя, хто схаваўся пад дах, перадаюць парасоны людзям у чарзе.
Столікі, за якімі збіраюць подпісы, схавалі пад дах філармоніі. Юрась Губарэвіч кажа, што пікеты не будуць згортвацца, пакуль стаяць людзі.
Адна з жанчын на пікеце ўздыхае: шкада, што многія ў гэты час проста сядзяць дома і маўчаць. «У мяне сяброўка — настаўніца ў райцэнтры. Ёй за 40, у яе двое дзяцей, адна выхоўвае — яна адна з усёй школы не падпісалася за Лукашэнку», — кажа жанчына.
На тратуары раскіданыя лістоўкі «Свабодныя выбары! Свабоду Бабарыку!»
Людзей, якія пакідаюць подпісы, заклікаюць ісці ў назіральнікі.
Чаргу патрулююць ціхары з камерамі. «А чаго мне баяцца? Хай здымаюць, — спакойна рэагуе пенсіянерка, якая стаіць без маскі. — Я прыйшла, бо абурана тым, што зрабілі з Бабарыкам».
З'явілася вялікая колькасць міліцыянераў, якія паведамляюць аб неправамернасці дзеянняў.
Пікет будзе працягвацца да 21:00.
Міліцыя заклікае людзей сысці. Кавалькова ідзе ўслед і кажа, што дзеянні супрацоўнікаў органаў незаконныя — людзі маюць права стаяць на пікеце.
Адна жанчына з парасонам хавалася ад сілавіка ў цывільным. Сілавік спрабаваў зняць яе на камеру.
«Я не чакала, што столькі людзей будзе! — захапляецца жанчына з сабачкам. — А мне так ужо надакучыла баяцца».
А 21-ай гадзіне пікет скончыўся, людзі пачалі разыходзіцца каля філармоніі, аднак у канец чаргі працягвалі падыходзіць людзі і фарміраваць жывы ланцуг.





