Фота з Вікіпедыі.

З заказніка на Алясцы прыбралі стары закінуты аўтобус, які пасля здымак фільма «У дзікіх умовах» стаў сапраўдным месцам паломніцтва для шукальнікаў прыгод, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Улады прынялі гэтае рашэнне, каб не падстаўляць фанатаў фільма небяспецы: на шляху да гэтага месца вандроўнікі мусілі перайсці ўброд раку Тэкланіка, адметную імклівай плынню.

У ліпені 2019 года плынню знесла беларуску Ніку Ніканаву — жонку актывіста Пятра Маркелава. Пятру ўдалося выцягнуць яе з вады, але Ніка была ўжо мёртвая. Пара адправілася да закінутага аўтобуса падчас вясельнага падарожжа па Амерыцы.

Аўтобус стаў турыстычнай славутасцю пасля здымак фільма «У дзікіх умовах» (Into the Wild) з Эмілем Хірш у галоўнай ролі.

Клей Уокер, мэр акругі Дэналі, дзе знаходзіцца аднайменны нацыянальны парк, у інтэрв'ю агенцтву Рэйтэр назваў аўтобус «небяспечным атракцыёнам», а яго знікненне — «вялікай палёгкай».

Верталёт арміі ЗША ў пятніцу 19 чэрвеня падняў іржавую машыну ў паветра і перанёс у «бяспечнае месца», дзе яна пакуль будзе знаходзіцца.

Аўтобус, выпушчаны неўзабаве пасля вайны, у 1961 годзе кінулі будаўнікі ў лесе за 50 км ад бліжэйшага населенага пункта. Часам у ім начавалі мясцовыя паляўнічыя.

У 1992 годзе 24-гадовы амерыканскі студэнт Крыс Макэндлес аддаў усе свае грошы на дабрачыннасць, адправіўся адзін у нетры Аляскі, знайшоў аўтобус і пасяліўся ў ім, каб жыць удалечыні ад цывілізацыі ў гармоніі з прыродай.

Мяркуючы па запісах у дзённіку, Макэндлес правёў там 189 дзён. 6 верасня 1992 года выпадковы паляўнічы знайшоў у аўтобусе яго цела. Уцякач ад цывілізацыі памёр ад знясілення або памылкова з’еў атрутную расліну.

Жыццё і смерць Макэндлеса натхнілі пісьменніка Джона Кракаўэра на стварэнне кнігі Into the Wild («У дзікіх умовах»), па якой рэжысёр Шон Пэн зняў аднайменны фільм.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?