pixabay.com
Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў назваў замежных лідараў, што, як чакаецца, прыедуць у Маскву на парад у гонар 75-годдзя Перамогі 24 чэрвеня, паведамляе «Радыё Свабода».
У спісе ўсяго 7 кіраўнікоў краін-членаў ААН. Гэта прэзідэнты Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Сербіі, Таджыкістана і Узбекістана. Таксама прыедуць прэзідэнты самаабвешчаных Абхазіі і Паўднёвай Асеціі — гэтыя рэспублікі прызнаныя Расіяй як суверэнныя дзяржавы, але абсалютная большасць краін свету лічаць іх часткай Грузіі. Чакаецца таксама член калектыўнага прэзідыума Босніі і Герцагавіны Міларад Додзік.
На парад, які планавалася правесці 9 мая, збіраліся прыехаць істотна больш замежных лідараў, у тым ліку прэзідэнты Францыі, Чэхіі, Харватыі. Парад, аднак, перанеслі з-за эпідэміі каранавіруса, і многія замежныя госці адмовіліся ад візіту. Лідары іншых дзяржаў, у тым ліку прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, адмовіліся і ад першапачатковага запрашэння на парад 9 мая.
Таксама раней паведамлялася, што Лукашэнка паедзе на парад з трыма сынамі.





