Мяне абурае несправядлівы, палітычна матываваны разгром крамы symbal.by. А тым больш абурае беззаконны, бандыцкі захоп пакупнікоў, якія стаялі ў чарзе ў гэтую краму. Аднак я ўсё ж выкажу, можа, непапулярную думку наконт гэтай сітуацыі.

Гэтая крама, калі хто не ведае, рабіла вялікі ўплыў на культурную прастору ў Беларусі. Гэта быў паспяховы бізнэс, які вырабляў і прадаваў самую разнастайную атрыбутыку з нацыянальнай сімволікай, з бел-чырвона-белым сцягам і Пагоняй, з беларускім арнаментам. Сцягі, кубкі, завушніцы, торбы, вокладкі да дакументаў, вышыванкі і «вышымайкі» — усё гэта можна было набыць у гэтай краме. Атрыбутыку купляла моладзь, яна даходзіла ў самыя глухія куткі Беларусі.

Гаспадар бізнэсу напачатку шмат адбіваўся ад прыдзірак чыноўнікаў. Крама шмат разоў мяняла месца, бо гаспадары памяшканняў «раптоўна» адмаўляліся працягваць арэнду. Але ўрэшце чыноўнікі неяк адчапіліся, і крама паспяхова працавала, і ў плане ўплыву на культурную прастору, і была паспяховым фінансава бізнэсам, і нават некаторыя структуры БРСМ закуплялі там вышыванкі для сваіх мерапрыемстваў.

Але сёлета ў разгар выбарчай кампаніі symbal.by раптам вырашыла выпускаць майкі з надпісам «Псіхо3%», што азначала непрыхаваную іронію ў адрас грамадзяніна Лукашэнкі, які вельмі хоча застацца на сваёй прэзідэнцкай пасадзе. Калі я пра гэта прачытаў, то падумаў: «Зараз іх будуць біць».

Так і сталася. Спачатку міліцыя канфіскавала майкі з «крамольным» надпісам. Потым санстанцыя прадпісала закрыць швейную вытворчасць. Потым адключылі саму краму ад электрычнасці. Вымусілі закрыцца. У канцы яшчэ пад'ехаў аўтазак і амапаўцы пахапалі людзей, якія стаялі ў чарзе ў краму.

Дык вось я не магу адбіцца ад думкі, што марна хлопцы ў гэта ўвязаліся. Гэтая крама была стратэгічна важнай для папулярызацыі беларускай культуры, для папулярызацыі ідэі свабоды. А гэтая барацьба не скончыцца ні сёння, ні заўтра. Гэтая атрыбутыка будзе яшчэ запатрабаванай.

А крама, якая займалася тым, што рабіла стратэгічную для нацыі справу: рабіла беларускую культуру моднай і папулярнай, выклікала агонь на сябе, заняўшыся распаўсюдам вострага палітычнага лозунга — і была разбітая. Дык ці вартыя таго былі тыя няшчасныя «майкі з псіхозам»?

Варта памятаць, што ў Беларусі палітычная гульня ідзе не па правілах, не па законе, але з пэўнымі заканамернасцямі. І я перакананы, што ў такіх умовах не ўсім трэба кідацца на амбразуру — трэба прадумваць, пралічваць, якія рэпрэсіўныя крокі можа справакаваць якое дзеянне і ці не будзе страта для грамадства ў тым ці іншым выпадку большая, чым карысць ад аднаго смелага кроку?

А Паўлу Белавусу шчыра зычу ператрываць гэтыя чорныя дні ды знайсці новыя магчымасці, новы спосаб несці беларушчыну ў народныя масы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?