Гродзенская пенсіянерка Станіслава Дамшэль, на якую склалі пратакол за нібыта хуліганства ў час затрымання Сяргея Ціханоўскага ў Гродне 29 мая, паведаміла, што яе выклікаюць у суд.
25 чэрвеня а 10:30 у Гродне ў судзе Ленінскага раёна павінен адбыцца разгляд яе адміністрацыйнай справы, прызначана суддзя Ларыса Барэль, піша «Гарадзенская вясна».
Станіслава Дамшэль заявіла супрацоўнікам суда, якія ёй тэлефанавалі, што яна не збіраецца ўдзельнічаць у загадзя вядомым і несправядлівым разглядзе яе адміністрацыйнай справы. Больш таго, яе блізкія сваякі хварэюць на COVID-19, таму яна не мае маральнага права рызыкаваць сваім здароўем і здароўем іншых.
Пенсіянерка прапанавала суду разглядаць справу без яе прысутнасці і паведаміць пра вынікі пастановы. У тым, што гэта будзе карны вынік, Станіслава Дамшэль не сумняваецца.
Станіслава Дамшэль 29 мая прыйшла на Савецкую плошчу ў Гродне, каб паставіць подпіс за вылучэнне Святланы Ціханоўскай. Калі пачаліся затрыманні, да ног жанчыны ўпаў супрацоўнік міліцыі. Другі, са слоў Станіславы, штурхнуў яе і парваў сумку. Цяпер Станіславу абвінавачваюць у хуліганстве, да яе дадому прыходзяць супрацоўнікі міліцыі.





