Удзельнікі папулярнага дуэта Naviband Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка прэзентавалі ў Telegram песню пад назвай «Іншымі». Яна прысвечаная апошнім падзеям у Беларусі.
Фота з Вікіпедыі
«Мы любім нашу краіну, спяваем на роднай мове і шчыра верым у свет, сілу і дабро нашых людзей, незалежна ад іх поглядаў!», — напісалі музыкі ў сваім інстаграме.
Ксенія і Арцём гадуюць сына Мацея. Яму крыху больш за два гады, але бацькам усё складаней адказаць на некаторыя нязручныя пытанні з боку хлопчыка.
«Ён ведае практычна ўвесь транспарт у горадзе, якога ён колеру і куды можа ехаць. «Хуткая» ратуе людзей, экскаватар капае яму, кран будуе дом. Але мы не ведаем, як растлумачыць дзіцяці, што робіць «вялікая зялёная машына», якіх у горадзе ўсё больш. А цяпер яшчэ і навіна аб затрыманні людзей, якія проста стаялі ў чарзе ў краму».
Музыкі кажуць, што не збіраліся выказвацца, бо прывыклі ісці па жыцці, робячы сваю справу без лішніх словаў. Замест гэтага выпусцілі ў Telegram-канале песню «Іншымі», у якой «кожнае слова адлюстроўвае тое, што цяпер адбываецца навокал».
«У нас не ўкладаецца ў галаве жорсткасць і гвалт да звычайных людзей. Нам становіцца страшна. Маўчаць ужо немагчыма! Мы прачнёмся іншымі!», — падсумавалі ўдзельнікі гурта Naviband Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка.





