Адвакаты Віктара Бабарыкі Наталля Мацкевіч і Дзмітрый Лаеўскі падалі на імя генеральнага пракурора скаргу з прычыны парушэння прэзумпцыі невінаватасці ў дачыненні да іх падабароннага, распавялі яны TUT.BY.

Абаронцы адзначаюць: вынікаючы з артыкула 26 Канстытуцыі і артыкула 16 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, пакуль яго віна не будзе даказаная ў прадугледжаным парадку і ўстаноўлена прысудам суда, які ўступіў у законную сілу.

— Гэта значыць, што да пазначанага моманту ніхто не мае права рабіць публічныя сцвярджэнні аб вінаватасці каго-небудзь, у тым ліку Віктара Бабарыкі. Аднак з моманту затрымання асобныя інфармацыйныя рэсурсы распаўсюджваюць пра яго ганьбячую і непраўдзівую інфармацыю, якая заключаецца не ў апісанні падазрэнняў, а ў сцвярджэнні пра нібыта ўчыненае злачынства. Усе гэтыя заявы мы дакументуем. І вось цяпер сабралі некаторыя ключавыя прыклады падобных заяў і звярнуліся да генеральнага пракурора з просьбай прыняць меры па спыненні парушэнняў прэзумпцыі невінаватасці, — распавялі адвакаты.

Нагадаем, адвакатаў Віктара Бабарыкі не пускаюць да яго ў СІЗА КДБ ужо чатыры дні. Апошні раз абаронца Дзмітрый Лаеўскі сустракаўся з Віктарам Бабарыкам у СІЗА 20 чэрвеня, калі ў яго прысутнасці праходзілі «працэсуальныя дзеянні». Пасля гэтага трапіць да свайго кліента адвакат не можа — 22 чэрвеня Лаеўскаму ў СІЗА заявілі, што наведванні адвакатамі падабаронных у ізалятары не праводзяцца з-за эпідэміялагічнай сітуацыі. Лаеўскі падаў дзве скаргі ў Генпракуратуру.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0