Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Паводле праваабаронцаў «Вясны», на акцыях «Ланцуг салідарнасці» (а таксама перад самімі акцыямі і пасля), якія праходзілі па ўсёй краіне з 18 па 21 чэрвеня, агулам было затрымана больш за 360 чалавек. З іх у Мінску было затрымана больш за 260. Прычым 18 чэрвеня, на першай акцыі, у Мінску затрыманняў не было.

Затрыманні прайшлі ў 19 гарадах краіны. Гэта Мінск (больш за 260 чалавек), Гомель (13), Бабруйск (12), Наваполацк (10), Ганцавічы (10), Барысаў (10);

Навагрудак (9), Віцебск (7), Магілёў (6 ці болей), Брэст (6), Рэчыца (3), Ваўкавыск (3), Маладзечна (3), Салігорск (2), Гродна (2), Орша (2), Светлагорск (1), Ліда (1), Слуцк (мінімум 1).

Акрамя таго, у Слоніме ўдзельнікаў акцыі выклікалі ў міліцыю пазней для складання пратаколаў.

Таксама вядома, што ў Мінску як мінімум 15 чалавек, якіх затрымалі ў пятніцу і адпусцілі без пратаколаў, выклікаюць у РУУС Ленінскага раёна для складання гэтых самых пратаколаў. Тых, каго адпусцілі з пратаколамі, наперадзе чакаюць суды. 

Больш за 100 судоў над часткай затрыманых на акцыях прайшлі 22 і 23 чэрвеня. Згодна са звесткамі «Вясны», 9 чалавек атрымалі агулам 105 сутак арышту і як мінімум 78 чалавек атрымалі штрафы памерам каля 50 500 рублёў.

З пачатку бягучай выбарчай кампаніі 112 чалавек атрымалі агулам 1583 сутак арышту па адміністрацыйных артыкулах, выкарыстаных у мэтах палітычнага пераследу. 205 чалавек атрымалі штрафы агульным памерам больш за 167 000 рублёў. Праваабаронцам вядома як мінімум пра 650 выпадкаў адвольных затрыманняў, якія адбыліся ў перыяд з 6 мая па 23 чэрвеня. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0