«У гісторыі не было станоўчага прыкладу, каб празьмернае знаходжаньне ва ўладзе суправаджалася росквітам дзяржавы, прыходам дэмакратыі і ўсеагульным шчасьцем. Калі ты рэальна жадаеш дабра свайму народу і адчуваеш, што выпадаеш з кантэксту сусьветных працэсаў, зрабі, каб людзям стала лепей. Сыдзі!»

Інга Хрушчова, былая тэлепрапагандыстка, разважае пра страчаны беларусамі вотум даверу да Лукашэнкі, піша «Радыё Свабода».

«Улады заклікаюць рушыць не наперад, а назад»

Інга Хрушчова амаль 20 гадоў працавала ў сыстэме Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі: была вядоўцай навінаў, суправаджала Аляксандра Лукашэнку ў паездках па краіне, узначальвала аддзел палітычных аглядальнікаў Агенцтва тэлевізійных навінаў.

У 2013-м нечакана для калегаў напісала заяву праз уласнае жаданьне і сышла з працы. Спачатку ў турыстычны бізнэс, цяпер займаецца стварэньнем графікі і відэа.

Але ад грамадзкага жыцьця не дыстанцыявалася. У гэтую выбарчую кампанію ўвайшла ў ініцыятыўную групу прэтэндэнта Віктара Бабарыкі, зьбірала подпісы ў ягоную падтрымку. Цяпер далучылася да ініцыятывы правядзеньня канстытуцыйнага рэфэрэндуму.

«У тым рэжыме, у якім магла сабе дазволіць, сабрала больш за 300 подпісаў, — расказвае яна «Свабодзе». — Тыя, хто ніколі ня ўдзельнічаў у палітычных кампаніях, ішлі і аддавалі галасы альтэрнатыўным кандыдатам. І гэта самае галоўнае, што я зразумела: зьмяніўся настрой людзей.

Жыцьцё паказала, што ўлада не прапануе рашэньняў, каб палепшыць эканоміку. Няма ня тое што дзеяньняў, а нават абяцаньняў на пэрспэктыву. 10 даляраў да пэнсіі — не панацэя. Кажуць, што трэба, каб было ня горш, чым 5 ці 10 гадоў таму. Нам прапануюць рушыць не наперад, а назад!»

Паводле Інгі Хрушчовай, прынцыповай памылкай уладаў стала ігнараваньне пандэміі каранавірусу, што адштурхнула нават самых адданых прыхільнікаў.

«Для многіх стала сапраўдным шокам, як улады павялі сябе ў сытуацыі з пандэміяй, — перакананая яна. — Нас папросту пакінулі сам-насам з бядой. Мы самі пералічвалі праз MolaMola грошы мэдыкам, дапамагалі набываць абсталяваньне, элемэнтарныя сродкі абароны. Я ўжо не кажу пра рыторыку, якая гучала на адрас хворых ды памерлых. Казаць такое пра людзей, якія пацярпелі ў тым ліку ад бязьдзеяньня кіраўніцтва, — верх цынізму. Важны складнік, які сьведчыць пра «клопат» дзяржавы аб сваіх грамадзянах».

«Паралельны сусьвет прэзыдэнта ўсё далей ад народу»

Шмат гадоў Інга Хрушчова была адным з тэлевізійных іміджмэйкераў першага прэзыдэнта, схіляла электарат на бок дзейнай улады. Што павінна здарыцца, каб перайсьці ў апазыцыю да таго, каго некалі абагаўляла?

«Тады бачыла крыху іншага чалавека. Некалі ён жыў у невялікім дамку ў Драздах зь некалькімі ахоўнікамі (ня тысячамі, як цяпер), сустракаўся зь людзьмі, хацеў заглыбіцца ў праблемы. А паступова ўсё ператварылася ў дэкарацыю. Паралельныя сусьветы адзін ад аднаго аддаляліся.

Тое, што сьвіта намагаецца паказаць каралю, нічога агульнага з рэальнасьцю ня мае. Дарэчы, пачыналася з падачы спадара Ўцюрына, які цяпер у месцах не такіх аддаленых. Калі ўсьвядоміла, што гэта ня мой шлях, вырашыла сысьці. Зрэдку гляджу справаздачы пра сустрэчы з масамі: адмыслова падабраныя людзі, цалкам зрэжысаваны сцэнар. Няма ўжо дыялёгу з народам».

Калі людзей, якія разумеюць у эканоміцы, замяняюць перад выбарамі на сілавікоў, ставіцца крыж на веры ў станоўчыя ператварэньні», — так камэнтуе Інга Хрушчова нядаўнія пэртурбацыі ва ўрадзе.

«Такога не было раней, і гэта вельмі трывожны знак. Тое, што цяпер творыцца на вуліцах гарадоў, — затрыманьні, зьбіцьцё, гвалт — яскрава сьведчыць, у якім кірунку падзеі будуць разьвівацца далей. І гэта насамрэч вельмі страшна. Магчыма, людзі з блізкага атачэньня не зусім разумеюць, што неўзабаве самі могуць апынуцца ў пастарунках. Дык ці варта рызыкаваць?» — перапытвае яна.

Колішнія калегі Хрушчовай з БТ адзін за адным асуджаюць брутальныя мэтады праваахоўнікаў. Беспрэцэдэнтная зьява сьведчыць, што дае збоі нават адладжаная ідэалягічная машына.

«Ня трэба іх цкаваць — маўляў, у паветры пераабуўся. Добра, калі чалавек разьвіваецца, аналізуе. Пункт гледжаньня ня можа быць замарожаным, ён мяняецца. Сёньня важная салідарнасьць, і цешыць, што ўсё больш людзей разумее: у краіне адбываецца штосьці ня тое. У пэўным сэнсе гэта мужны ўчынак, можна толькі ўявіць, чым такія заявы скончацца. Зрабіць выбар — пазыцыя, вартая павагі. Я ня ведаю, хто там цяпер у пуле, вядоўцы навінаў, але магу ўявіць, што адбываецца ў галовах. З аднаго боку, баяцца за свае месцы, зь іншага, бачаць рэальную сваволю. Сярэдзіны тут няма».

«Танцы на граблях становяцца ўсё больш самагубнымі»

У апошнія гады на тэлевізіі Інга Хрушчова займалася спартовымі праектамі, асьвятляла цырымоніі адкрыцьця і закрыцьця Алімпійскіх гульняў. У сувязі з апошнімі падзеямі шэрагі атлетаў таксама падзяліліся: адны ўслаўляюць дзейнага кіраўніка, другія вінавацяць яго ў застоі. Функцыянэры намагаюцца прысароміць тых, хто настроены крытычна, вінавацячы іх у няўдзячнасьці за дзяржаўныя ўкладаньні.

«Мне імпануе Дар’я Домрачава. У сваім статусе Героя Беларусі выказалася досыць дыпляматычна, але нават гэта дазваляе зрабіць выснову: яна цудоўна разумее, што адбываецца навокал. Чыноўнік без спартоўца ніхто, таму гэта толькі скалананьне паветра. Я ведаю Надзю Астапчук, зь якой абышліся не найлепшым чынам, зусім непрыгожая гісторыя. Каму ёй быць удзячнай? Ёсьць тыя, хто дзякуючы сыстэме мае стабільны прыбытак. Але напісаныя пад капірку лісты — ня думаю, што гэта рэальныя думкі. Навошта тады іх здымаць, блякаваць камэнтары?»

Паводле суразмоўніцы, для прэзыдэнцкай адміністрацыі стала нечаканасьцю, што ў палітыку прыйшлі людзі, якіх там не прызвычаіліся бачыць. І калі сыстэмную апазыцыю збольшага блякаваць навучыліся, то непрафэсійныя рэвалюцыянэры выклікалі на Карла Маркса, 38 замяшаньне.

«У гэтым самае істотнае адрозьненьне ўсёй сытуацыі 2020 году. Паўсталі рэальныя людзі, якія разумеюць: калі так будзе працягвацца і далей, наш шлях толькі адзін — тупік. Бо эканамічнага бачаньня — як жыць далей — няма. Хоць агітацыя забароненая для ўсіх, акрамя аднаго, з экрану не прагучала нават банальных абяцаньняў. А танчыць на граблях стае ўсё больш самагубным відам спорту. Зразумела, першая асоба рызыкуе зонай камфорту, таму змагаецца, каб засталося, як было. Але гэтага ўжо ня будзе. Самі беларусы не дадуць».

Інга Хрушчова ўхваляе ініцыятыву Віктара Бабарыкі вярнуць Канстытуцыю 1994 году, якая абмяжоўвае прэзыдэнцкія тэрміны і надзяляе адпаведнымі паўнамоцтвамі ўсе галіны ўлады. 26 гадоў экспэрымэнту з «моцным лідэрам» — дастатковы тэрмін, каб прызнаць яго правальнасьць.

«Лукашэнка лічыць, што 26 гадоў — не мяжа, можна працягваць. Ня трэба быць празарліўцам, каб прадказаць, чым усё скончыцца. У гісторыі не было станоўчага прыкладу, каб такое працяглае знаходжаньне ва ўладзе суправаджалася росквітам дзяржавы, прыходам дэмакратыі і ўсеагульным шчасьцем. Калі жадаеш дабра свайму народу і адчуваеш, што выпадаеш з кантэксту разьвіцьця сусьветных працэсаў, зрабі, каб людзям стала лепей. Сыдзі! Пакуль гэта ніяк не карэлюецца з заявамі аб задушэньні пратэставых настрояў і жаданьнем любым чынам застацца на пасадзе».

«Сілавікі зьвіліся не дзеля таго, каб разьвіваць эканоміку»

Інга Хрушчова пакуль ня бачыць, каб у прэзыдэнцкай адміністрацыі разглядалі іншыя варыянты, апроч як ісьці да ўлады праз чарговыя фальсыфікацыі, а калі запатрабуецца — і на штыхах. Іншая рэч — як доўга ўдасца трымаць уласны народ у страху.

«Гэты год нельга параўноўваць з папярэднімі кампаніямі. Сілы, якія выйшлі на арэну, прапаведуюць каштоўнасьці, чужыя ўладзе. Разгон маладзёнаў каля Symbal.by ці стрым з Фрунзэнскага выканкаму, калі чыноўнікі пасьміхаліся з студэнта Гарварду, які хацеў увайсьці ў камісію. Паказьнік адукаванасьці вэртыкалі і новай генэрацыі. Нявыключаны мікрафон яскрава засьведчыў, хто запатрабаваны. Вельмі сумна. Аднак інструмэнты маніпуляцыі 1996 году ўжо не працуюць. Выхаваньне, культура людзей ужо вышэйшая, чым у чынавенства».

Ведаючы Аляксандра Лукашэнку асабіста, Інга Хрушчова разумее, што ён будзе адбівацца да апошняга. Нездарма атачыў сябе не эканамістамі ды рэфарматарамі, а скрозь людзьмі ў пагонах.

«Зважаючы на прафэсійны досьвед і кірунак дзейнасьці, зразумела, што яны зьявіліся зусім не дзеля таго, каб разьвіваць эканоміку. А ўсякая краіна жыве перш за ўсё эканомікай. Паколькі стаіць задача ўтрымаць уладу за ўсякую цану, іх не цікавіць ні сацыяльны зрэз, ні бізнэс, нічога. Зараз пачнецца сплата падаткаў за другі квартал, вымываюцца абаротныя сродкі. У такіх умовах нельга штосьці прадказаць на месяц-два наперад. Да таго ж мы з усіх бакоў закрытыя, некаторыя галіны, як турызм, падзеі, сэмінары, спыніліся. Людзі набываюць толькі самае неабходнае, усе ў ступары».

Паводле Інгі Хрушчовай, уладам усё складаней маніпуляваць інструмэнтамі прапаганды. Таму так, як у 1990-я, ачмурыць народ ужо ня ўдасца.

«Людзі ведаюць замежныя мовы, цудоўна карыстаюцца інфармацыйнымі тэхналёгіямі. Тэлевізіяй ужо нічога не ўратуеш. Мы жывём абсалютна ў іншым тэхналягічным вымярэньні. Цягнік імчыць, а ўлады зьбіраюцца спыніць яго нейкай дрызінай. І падначаленыя маюць канкрэтную задачу: пакінуць так, як было раней. То-бок усім застацца на сваіх месцах. У іх пры гэтай уладзе ўсё добра, яны не разумеюць, чым незадаволеныя іншыя. Але нельга заставацца ў сваёй шкарлупіне, калі навокал адбываюцца тэктанічныя зрухі».

Яна падкрэсьлівае, што сышла з тэлевізіі менавіта з маральных прычын — тады гэта было параўнальна з інфармацыйным выбухам. Цяпер, калі тэлеэкраны ня маюць прынцыповай вагі, а асобы прапагандыстаў не на слыху, вызначыцца з прыярытэтамі нашмат прасьцей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?