Фота з фэйсбука Наталкі Харытанюк

На тым тыдні, запаўняючы графу ў табліцы для збору подпісаў, я ледзь не напісала — беспартыйная. І нават сама пасаромелася — бо зусім забыла: у 18 год я ўступіла ў БНФ. З таго часу таксама прайшло 18 год. Апошнія год дзесяць я зусім не чытала пра партыю і не цікавілася яе справамі. Прычыны розныя, але не гэта важна. Мне здаецца, я наагул пражыла свае 2010-я не азіраючыся па баках. Але і гэта не важна. Важна, што 2020-я я пачынаю нашмат больш свядома і хачу нарэшце яснасці і консэквэнтнасці, як той казаў (хм, гучыць падазрона, але…).

Карацей, я зайшла на сайт Партыі БНФ, пачытала пра кірункі яе дзейнасці — і жахнулася. Нам не па дарозе.

Я падзяляю ідэю ўмацавання незалежнасці і нацыянальнай ідэнтычнасці — гэта Святое. Але мяне ўзяла страшная злосць, калі я пачала чытаць пра супрацоўніцтва з Альянсам кансерватараў і рэфармістаў (я іх пагугліла — калі прайсціся па іншых сябрах гэтага альянсу, там што ні партыя — то мой жах: Трамп, Джонсан, расісты, праціўнікі іміграцыі, адкрытыя гамафобы, тыя, хто змагаецца з Каталонскімі нацыяналістамі, і тыя, хто ўсё яшчэ па-імпэрску змагаецца з ірландскімі рэспубліканцамі).

Дзе я была ўсе гэтыя гады? спытаеце Вы.

Мне сорамна, і я не ведаю, што адказаць.

Даслала ў партыю заяву пра выхад з партыі:

Старшыні партыі БНФ

Рыгору Кастусёву

ЗАЯВА ПРА ВЫХАД З ПАРТЫІ БНФ

Я, Наталля Бабкова, выходжу з партыі БНФ, у якую ўступіла васямнаццаць гадоў таму (Берасце, 2002). З 2006 году я не прымала ўдзелу ў жыцці партыі і, да свайго сораму, перастала сачыць за развіццём палітыкі партыі і, галоўнае, яе міжнародных адносін. Партыя асацыявалася ў мяне са светлымі імёнамі Васіля Быкава, Уладзімера Арлова, Лявона Баршчэўскага, і я ўвесь час безумоўна давярала прынцыпам, якімі кіравалася партыя, — антыімпэрскага змагання, нацыянальнага адраджэння, дэмакратычных каштоўнасцей.

Зусім выпадкова, некалькі дзён таму запаўняючы анкету на вылучэнне ў камісію выбарчага ўчастка і пазначыўшы сваю партыйную прыналежнасць, я зайшла на старонку Партыі БНФ і пабачыла наступнае:

«Кірункі міжнароднай дзейнасьці:

I. Умацаваньне супрацоўніцтва ды павелічэньне ролі партыі БНФ у Альянсе кансэрватараў ды рэфармістаў (ACRE), ды Міжнародным Дэмакратычным Зьвязе (IDU).

II. Пашырэньне двухбаковага супрацоўніцтва з партнэрскімі ды сястрынскімі партыямі (польская PiS, брытанская Conservative Party, чэская ODS, латвійская TB/LNNK, Рэспубліканская партыя ЗША).»

Я не магу дазволіць сабе нават фармальна знаходзіцца ў партыі, якая «ўмацоўвае супрацоўніцтва» з партыямі, на чале якіх Борыс Джонсан і Доналд Трамп, партыямі, якія прапагандуюць расізм і гамафобію, імпэрскія па сваёй сутнасці, выступаюць за прыгнёт нацыяналістаў і патрыётаў у падпарадкаваных іх большасці тэрыторыях (гэта я пра гішпанскі Вокс (іх ціск на Каталонію) і пра ольстэраўскіх лаялістаў (іх сапраўдную вайну з ірландскімі патрыётамі)).

Мне напраўду сорамна, што я так доўга не цікавілася развіццём падзей у партыі і заставалася — хай сабе і чыста фармальна — у партыі з такімі «партнэрамі».

Я заклікаю Партыю БНФ скасаваць супрацоўніцтва з Альянсам кансерватараў ды рэфармістаў і шукаць хаўрусу з тымі, каго гэтыя кансерватары і рэфармісты прыгнятаюць — гэта будзе больш адпавядаць духу БНФ: антыімпэрскага, нацыяналістычнага і вольналюбівага.

Наталля Бабкова (Харытанюк)

Менск, 24 чэрвеня 2020

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна