Кіраўнік гомельскай міліцыі на загад міністра Юрыя Караева папрасіў прабачэньня ў гомельскіх глуханямых. Братоў Больбухаў 19 чэрвеня брутальна затрымаў АМАП на «ланцугу салідарнасьці», піша Радыё Свабода.

Яўген Русакевіч, старшыня Гомельскага абласнога аб’яднаньня Беларускага таварыства глухіх, патлумачыў, што сёньня прадпрыемства «ВІПРА», дзе працуюць браты Больбухі, наведаў начальнік УУС Гомельскага аблвыканкаму Аляксандар Васільеў. Ён прасіў у хлопцаў прабачэньня за затрыманьне супрацоўнікамі АМАП у Гомлі.

«Сказаў, што міліцыя не ўлічыла, што браты — інваліды па слыху, татальна глухія, таму адбылося непаразуменьне. Васільеў сказаў, што каб ведалі, што яны татальна глухія, то, канечне, не чапалі б іх», — удакладніў Русакевіч.

Ён дадаў, што гаворкі пра магчымы суд па складзеных пратаколах не было.

Андрэй Больбух зазначыў у размове з журналістамі, што тыдзень надта перажываў, пасьля таго як быў затрыманы і правёў ноч у ІЧУ, а цяпер нарэшце супакоіўся.

«Мая душа спакойная, усё нармальна. Я задаволены, што так здарылася і ўсё добра скончылася», — сказаў Андрэй. Ён дадаў, што ў ізалятары яму было «трохі страшна», і лічыць, што не парушаў закон.

Віталь і Андрэй сказалі, што будуць гуляць па цэнтры гораду, але «асьцярожна», а ў дэманстрацыях удзельнічаць ня будуць.

«Я атрымаў задавальненьне, што перада мной папрасілі прабачэньня», — сказаў Андрэй. Ягоны брат Віталь дадаў, што «зь міліцыяй зьвязвацца ня будзем, будзем бокам абыходзіць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?