У чарзе стаіць каля 60 чалавек. Фота Наталлі Лубнеўскай

У чарзе стаіць каля 60 чалавек. Фота Наталлі Лубнеўскай

А 13-й пад Домам урада сабраліся 60 чалавек. Каля 15.00 было ўжо 200 чалавек.

«Мы падышлі ў 10:30. У чарзе ўжо стаяла 20 чалавек», — расказваюць мужчыны, якія цяпер чакаюць каля самага ўвахода.

Узор скаргі гараджане спампавалі з сайта ініцыятывы «Сумленныя людзі»

Узор скаргі гараджане спампавалі з сайта ініцыятывы «Сумленныя людзі»

У чарзе стаяць маладыя мужчыны. Дзмітрый і Яўген — уласнікі бізнэсу. Падчас абедзеннага перапынку яны далучыліся да ахвотных абскардзіць адмову Бабарыку. Тлумачаць, што прыйшлі сюды, бо кіруюцца планам, агучаным штабам, і будуць спрабаваць адстойваць свайго кандыдата ў рамках закона.

Яна — інжынер каструктар студыі «Зробім». Дзяўчына пакідала подпісы ў падтрымку Бабарыкі і Цапкалы, а цяпер абурана дзеяннямі ЦВК. У заяве яна просіць перагледзець рашэнне камісіі і змяніць меру стрымання, абраную для Віктара Дзмітрыевіча.

«Падпісвалася за гэтых людзей, бо лічу, што ў іх дастатковы кіраўнічы вопыт, каб узначаліць краіну. І калі Бабарыку затрымалі, я толькі больш пераканалася, што мела рацыю, калі патрымлівала яго».

Не ўсе, канечне, вераць, што ЦВК успрыме іх заявы ўсур’ёз.

«Абавязкова прыдзяруцца, што нешта не так аформлена», — перагаворваюцца дзяўчаты.

Пакуль чакаюць, абмяркоўваюць выбары.

«На маім участку — усе з Белтэлекама, — дзеліцца мужчына. — Толькі чатыры чалавекі вылучаліся ад калектыву, астатнія — ад партыі, ад грамадзян».

Чарга пакрысе рухаецца. На чалавека ў будынку ЦВК — 3-5 хвілін. Праходзяць дагляд, аддаюць заяву і рэгіструюць яе нумар.

Дзмітрый з Мінскага раёна. Падаваць скаргу прыехаў усей сям’ёй — з жонкай і трыма дзецьмі. Ён быў у ініцыятыўнай групе Віктара Бабарыкі. Сабраў у яго падтрымку 1200 подпісаў. Кажа, у іх камандзе гэта далёка не рэкорд.

«Чаму сёння тут? Я веру, што ЦВК скаргу не разгледзіць. Але я веру і ў тое, што нашы дзеянні законныя — любы грамадзянін, не баючыся, можа прыйсці сюды і зрабіць хоць штосьці. І гэта мае значэнне. Бо пытанне ўлады будзе вырашацца на вуліцы, і трэба прывыкаць да гэтага».

Дзмітрый — сусед Бабарыкі. Тлумачыць, чаму за яго:

«Ён прагматык, блізкі да культуры. Гэта жывы чалавек».

«А можна я яшчэ дадам? — далучаецца сусед па чарзе. — Нарэшце мы ўбачылі інтэлігентнага чалавека, які ўмее размаўляць з народам».

Міліцыя не дае чарзе выстройвацца ўздоўж праспекта. Як толькі людзі дайшлі да гасцініцы «Мінск», іх развярнулі ў двары.

Ланцуг людзей паступова акружае плошчу па ўсім перыметры. Па стане на 16.00 каля 400 чалавек са скаргамі чакае аўдыенцыі ў ЦВК.

Юрысты штаба Бабарыкі абвесцілі, што яны маюць намер падаць скаргу на рашэнне ЦВК сёння а 17-й гадзіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?