Спадарыні Ірыне 58 гадоў, яна пенсіянерка, раней працавала бухгалтарам. Увечары 14 ліпеня яна апынулася на праспекце Незалежнасці, каля сквера Янкі Купалы, калі там адбываліся затрыманні.
Відэа tut.by
«Я ішла, а АМАПаўцы цягнулі кагосьці ў аўтазак. Міліцыянеры зачапілі мяне, я звалілася на руку і зламала яе», — расказвае спадарыня Ірына.
Яе адвезлі ў шостую бальніцу, наклалі гіпсавую павязку і адпусцілі дадому. «Усё адбылося вельмі хутка, я сама не зразумела як, таму і не паспела адскочыць. Мне здаецца, яны не хацелі нічога кепскага зрабіць, самі дапамаглі мне ўстаць».
«У даведцы напісалі «задавальняючы стан абломкаў», закрыты пералом левай промневай косці», — кажа жанчына.
Ужо а 7:30 ранку да спадарыні Ірыны прыйшлі міліцыянеры, каб апытаць пра інцыдэнт.
«Магчыма, яны хацелі даведацца, ці буду я на кагосьці падаваць заяву. А то яшчэ скажуць, што я адна гэтых пятнаццаць чалавек АМАПаўцаў паваліла».
Ірына Вітальеўна выйшла на акцыю свядома ці апынулася там выпадкова?
«Выпадкова ішла, там жа ўсе выпадкова ішлі. Усе выйшлі пагуляць, і я таксама. Не шкадую, што там была. Калі трэба будзе, то і сёння з такой рукой пайду гуляць. Свежае паветра — гэта першая справа. Я пенсіянерка, дома сумна, трэба часцей гуляць».