Брытанія, ЗША і Канада сінхронна заявілі пра атаку расійскай групоўкі хакераў, імаверна, звязанай з Крамлём, на медыцынскія лабараторыі заходніх краін і спробу скрасці распрацоўкі вакцыны ад Covid-19, паведамляе BBC.

Тры разведслужбы — амерыканскае Агенцтва нацыянальнай бяспекі (АНБ), брытанскі Нацыянальны цэнтр кібербяспекі і канадскае Агенцтва па бяспецы камунікацый — апублікавалі ў чацвер афіцыйныя заявы, у якіх віну за хакерскія атакі ўсклалі на групоўку Cozy Bear, вядомую таксама як APT29 і Dukes.

Міністр замежных спраў Брытаніі Дамінік Рааб асудзіў, як ён выказаўся, «безразважныя дзеянні расійскай разведкі»: «Мы выкрылі сёння іх кібератакі супраць тых, хто распрацоўвае Covid19-вакцыну, якімі яны падрываюць жыццёва важнае супрацоўніцтва [ўсяго свету] ў барацьбе з пандэміяй», — сказаў ён.

АНБ ЗША лічыць, што расійскія хакеры збіралі даныя пра распрацоўку вакцын. Якія менавіта навуковыя ўстановы атакавалі, не ўдакладняецца.

Крэмль заявіў, што Расія не мае ніякага дачынення да хакерскіх нападаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0