«Трэба рыхтавацца да таго, што мабільнага інтэрнэту і жывых трансляцый у дзень выбараў і пасля ў нас не будзе, — напісаў у сябе ў фэйсбуку Франак Вячорка. — Тое, што адбылося сёння, падобна на перагруз сеткі ад колькасці людзей, але выкліканы ён, хутчэй за ўсё, штучна.

Наяўнае абсталяванне на 12 сімак дазваляе журналістам рабіць стрымы і пры 50, і 100 тысячах чалавек пры ўмове, што працуюць базавыя станцыі на нармальную магутнасць. На буйных дзяржаўных мерапрыемствах таксама быў перагруз сетак, але разам з тым стрым працаваў.

Сёння інтэрнэт не працаваў ні праз EDGE, ні праз UMTS, ні праз HSPА. Ні ў «Свабоды», ні ў «Белсата», ні ў Бабарыкі. Падобныя сімптомы былі і 19 чэрвеня, інтэрнэт не працаваў у пэўных раёнах горада і ў пэўны час, хаця і скаплення людзей не было такога і блізка.

На жаль, наяўныя рашэнні (легальныя) не вырашаюць праблемы. Абсталявання, якое б магло вырашыць праблему, няма ў Беларусі, а ў сувязі з пандэміяй, яго дастаўка немагчымая. Любыя парады і падказкі — пішыце ў прыват ці ў каментары», — напісаў Франак Вячорка, які стаяў за стварэннем відэастрымаў Радыё «Свабода».

У сваю чаргу, тэлеграм-канал Nexta апублікаваў фота, як яны сцвярджаюць, машыны-глушылкі, што стаяла ў раёне правядзення сустрэчы кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай з выбарцамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0