Кандыдатка ў прэзідэнты, былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая ў інтэрв’ю выданню kyky.org расказала пра рэпрэсіі супраць яе:

«Я таксама на сабе выпрабавала ўсё хараство рэпрэсій беларускай дзяржавы. Але мне пашанцавала: я сядзела не гады, а суткі».

Ганна Канапацкая — кандыдытка ў прэзідэнты, фота Надзеі Бужан

Ганна Канапацкая — кандыдытка ў прэзідэнты, фота Надзеі Бужан

Гэта не першы раз, калі Канапацкая расказвае, што сядзела на сутках.

Некалькі гадоў таму падчас інтэрв'ю ў «Току» Канапацкая таксама згадвала свой «арышт».

«Гэта быў ваш свядомы выбар — аддаць дзяцей вучыцца за мяжу?» — спыталі ў яе журналісты.

«Не, гэта былі вымушаныя абставіны пасля выбараў 2014 года, калі я была арыштаваная, трапіла ў ІЧУ, у мяне тады пачаліся невялікія праблемы з падатковай, са Следчым камітэтам. Гэта быў усвядомлены выбар, што для бяспекі будзе больш правільна, каб дзеці з’ехалі», — адказвала Канапацкая.

«НН» распытала той выпадак старшыню АГП Мікалая Казлова:

«Ніколі яна не сядзела. Адзін раз, вельмі даўно, у 2014 годзе, яе затрымалі на Камароўцы падчас пікета разам з Анатолем Лябедзькам і Уладзімірам Раманоўскім. У дзяжурнай частцы яе пратрымалі гадзіну ці дзве, нават у камеру не заводзілі», — кажа Казлоў.

«Першы раз, калі яна сказала, што сядзела на сутках, то мы весяліліся. Але складваецца ўражанне, што яна сама пачынае верыць у тое, што кажа. Можа, хутка пачне казаць, што разам са Статкевічам тэрмін матала. Насамрэч яна не ўяўляе нават, як выглядае камера і чым яна пахне», — зазначыў лідар АГП.

Штаб Ганны Канапацкай адмаўляецца кантактаваць з журналістамі «Нашай Нівы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?