Фота: belaoki.by
Пра гэта напісаў у фэйсбуку яе аўтар, мастак Сяргей Белавокі, сябра Беларускага саюза мастакоў і лаўрэат Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва—2017.
«Сёння я вымушаны выступаць у неўласцівай для сябе ролі і пісаць гэты тэкст, таму што мяне, як мастака, пазбавілі права свабоднага выказвання, — адзначае Белавокі.
22 ліпеня ў Палацы мастацтваў пачынаецца выстава «Трыенале сучаснага мастацтва» па выніках рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва» у 2019-2020 гг. Па выніках галасавання сябраў адборачнай камісіі, мая мастацкая праца «Вітраж-АТ» была адабраная ў шортліст конкурсу ў намінацыі «Актуальнае мастацтва» для прадстаўлення на выставе.
Аднак за некалькі дзён да адкрыцця дырэкцыя конкурсу папрасіла мяне добраахвотна зняць працу, «каб пазбегнуць магчымых правакацый!», на што я адказаў катэгарычнай адмовай.
У выніку арганізатары выставы знялі маю працу з конкурсу з фармулёўкай: «Ваша праца на трыенале сучаснага мастацтва была прадстаўленая не ў поўным аб'ёме (у частцы адсутнасці камянёў як элемента твора)».
Гэтым лістом я хачу выказаць сваё абурэнне і нязгоду з неправамернымі дзеяннямі дырэкцыі Рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва», якая вяртае эпоху цэнзуры ў беларускае выяўленчае мастацтва, і груба парушае артыкул 51 Канстытуцыі, які гарантуе свабоду мастацкай, навуковай, тэхнічнай творчасці.
І яшчэ я хачу папрасіць усіх неабыякавых творчых людзей, людзей мастацтва, не заставацца ўбаку, не маўчаць, і выказацца па факце парушэння права на свабоду творчасці.
Бо, па вялікім рахунку, гаворка ідзе не аб адной працы канкрэтнага мастака, гаворка - аб становішчы беларускага мастацтва, аб ушчамленні нашага права на свабоду творчага выказвання», — піша мастак.
Яго інсталяцыя «Вітраж-АТ» уяўляе сабой «шэраг люстраных аб'ектаў, якія ўвасабляюць сабой дакладную копію супрацьударнага шчыта Вітраж-АТ, выкананага ў маштабе 1:1.
Як адзначаецца ў апісанні твора, «Вітраж-АТ - шчыт супрацьударны, прызначаны для выкарыстання спецпадраздзяленнямі розных праваахоўных органаў. Выкарыстоўваецца для абароны ад удараў камянямі, палкамі, кувалдай, молатам і іншай «зброяй» пралетарыяту.
Глядач, убачыўшы ў шэрагу люстраных шчытоў сваё адлюстраванне, можа уявіць сябе як удзельніка пратэстнага руху ў проціпастаўленні ланцугу байцоў спецпадраздзяленняў.
На адкрыцці праекта, праходзіў перфоманс, падчас якога глядач станавіўся творцам, трансфармуючы/разбіваючы аб'екты з першапачатковага стану - «супрацьударнага шчыта Вітраж-АТ» у «Вітраж» - як твор манументальна-дэкаратыўнага мастацтва (з дапамогай удару камяня па люстэрку).
Вітраж - від манументальнага мастацтва, твор выяўленчага дэкаратыўнага мастацтва са шкла і/або люстэрка, набранага з невялікіх кавалачкаў матэрыялу.
Аднак, бачыць сваё адлюстраванне ў разбітым люстэрку або разбіваць люстэрка, — па традыцыйных вераваннях усіх народаў свету, - прарочаць чалавеку гора і бедствы».





