Вялікабрытанія і ЗША заявілі, што Расея правяла ў космасе выпрабаванні апарата, які валодае зброевымі характарыстыкамі і здольны знішчаць спадарожнікі на калязямной арбіце. Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў, што гэта выклікае неспакой, піша bbc.com.

Міністэрства абароны Расіі раней заяўляла, што новыя тэхналогіі выкарыстоўваюцца для праверкі расійскай касмічнай тэхнікі.

ЗША і раней выказвалі занепакоенасць праз ўзрослую ў апошні час актыўнасць расійскай спадарожнікавай праграмы. Але гэта першы выпадак, калі абвінавачванні з нагоды расійскіх выпрабаванняў у космасе выставіла і Брытанія.

Некалькі дзён таму быў апублікаваны даклад, у якім гаварылася, што брытанскі ўрад моцна недаацаніў пагрозу, якую ўяўляе Расія.

Віцэ-маршал авіяцыі Харві Сміт, які ўзначальвае брытанскае касмічнае ўпраўленне, апублікаваў у чацвер заяву, у якой гаворыцца, што Лондан заклапочаны падобнымі паводзінамі Расіі, бо яны пагражаюць мірнаму выкарыстанню космасу, і што запушчаны Расіяй на арбіту апарат мае характарыстыкі, якія сведчаць пра яго ваеннае прызначэнне.

«Мы заклікаем Расію больш не праводзіць падобных выпрабаванняў», — дадаў Харві Сміт.

У той жа дзень памочнік дзяржсакратара ЗША па міжнароднай бяспецы і нераспаўсюджванні Крыстафер Форд абвінаваціў Маскву ў крывадушнасці пасля таго, як Расія прапанавала распаўсюдзіць кантроль над узбраеннямі на космас.

«Масква імкнецца абмежаваць магчымасці Злучаных Штатаў, хоць відавочна не збіраецца спыняць сваю ўласную касмічную праграму», — сказаў ён.

Расія, нароўні з Брытаніяй, ЗША, Кітаем і яшчэ больш за 100 дзяржавамі, абавязалася выконваць міжнародны дагавор аб выкарыстанні касмічнай прасторы, які прадугледжвае, што космас адкрыты для даследавання любымі краінамі і выключна ў мірных мэтах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0