У інтэрнэт трапіў цікавы аўдыязапіс. На ім дзве жанчыны абмяркоўваюць, як не дапусціць на выбарчыя ўчасткі незалежных назіральнікаў.
Адна з іх тлумачыць, што праўладным назіральнікам не абавязкова дзяжурыць цэлы дзень у поўным складзе.
«Цэлы дзень — калі на ўчастку не прысутнічае старонні назіральнік. Вы адкрылі ўчастак і сышлі. Застаецца адзін [назіральнік], які стаіць па графіку. У выпадку, калі хтосьці прыходзіць і захоча паназіраць, камісія кажа, што тры назіральнікі ў нас ужо ёсць на сёння: «На жаль, вам няма месца прысесці. Дзейнічае абмежаванне па колькасці». І аператыўна выклікаюць астатніх двух [назіральнікаў], якія ранкам прыбылі і потым сышлі», — інструктуе дама на аўдыёзапісе.
Тэлеграм-канал «Мая краіна Беларусь» запэўнівае, што галасы належаць старшыні Полацкага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Марыне Пашкевіч і намесніцы начальніка аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі Полацкага райвыканкама Вользе Сапун.
Марына Пашкевіч крайняя справа. Фота газеты «Полацкі веснік»
«Наша Ніва» звязалася з Марынай Пашкевіч, каб спытаць: што за інструкцыі такія?
«Я магу вам адказаць толькі адно: гэта ўсё няпраўда. Усё, дзякуй», — паспрабавала скончыць размову прафарг, чый голас падобны да таго, што гучыць на аўдыя.
«Не было такога абмеркавання?» — «Не».
«І запіс гэты фэйкавы?» — «Без каментароў».
Падчас леташняй парламенцкай кампаніі Пашкевіч узначальвала акружную камісію на Полацкай сельскай выбарчай акрузе №28. Сёлета яе імя не згадваецца сярод арганізатараў выбараў.
У тэрытарыяльнай Полацкай камісіі пра запіс не ведаюць.
«А як яны могуць не дапусціць назіральнікаў? Стануць у дзвярах? — смяецца старшыня камісіі Лёдзій Лысёнак. Ён працуе ідэолагам на полацкім вадаканале. — Усё трэба рабіць юрыдычна правільна. Абмежаваная колькасць — пяць чалавек у парадку рэгістрацыі. Калі прыйшло пяць першых, яны назіраюць, калі хтосьці захварэў — наступны».
Лысёнак кажа, што камісія не даводзіць ніякіх інструкцый назіральнікам.
«Для нас яны ўсе аднолькавыя: што левыя, што правыя, што праўладныя, што апазіцыйныя. Мая справа — працаваць з камісіяй. Мы не маем прававых паўнамоцтваў, каб даваць указанні».





