26 ліпеня ў Брэсце праціўнікі акумулятарнага завода не пайшлі на сустрэчу з кіраўніцтвам прадпрыемства, якая праходзіла ў актавай зале гарвыканкама. Замест гэтага актывісты прайшлі калонай па цэнтральных вуліцах горада, піша Tut.by

А 12.00 актывісты выйшлі на плошчу Леніна, дзе два з паловай гады кормяць галубоў на знак пратэсту з будаўніцтвам акумулятарнага завода. Супрацоўнікі міліцыі папрасілі іх пакінуць плошчу і прайсці ў актавую залу гарвыканкама, дзе а 12.30 была прызначаная сустрэча з дырэктарам прадпрыемства Дзмітрыем Бутавым і галоўным інжынерам Сяргеем Дубнавіцкім.

У прызначаны час актывісты падышлі да актавай залы, але на сустрэчу вырашылі не ісці. Каля 40 праціўнікаў завода ж прайшлі калонай праз плошчу Леніна і далей па вуліцах Пушкінскай і Савецкай. Канчатковай кропкай маршруту стала пляцоўка каля кінатэатра «Беларусь». Пасля гэтага актывісты разышліся. Супрацоўнікі міліцыі ім не перашкаджалі. Паводле папярэдняй інфармацыі, абышлося без затрыманняў.

- Пазіцыя актывістаў цвёрдая: мы супраць акумулятарнага завода. Таму абмяркоўваць з кіраўніцтвам прадпрыемства нам няма чаго, - растлумачыў праваабаронца Раман Кісляк, які прысутнічаў на сустрэчы. - Я застаўся ў зале, каб задаць пытанні па забеспячэнні захоўвання небяспечных матэрыялаў на заводзе.

Нягледзячы на дэмарш праціўнікаў завода, сустрэча з кіраўніцтвам прадпрыемства ўсё ж адбылася. Па словах Рамана Кісляка, у зале прысутнічалі гледачы, якія не з'яўляюцца актывістамі Руху супраць акумулятарнага завода.

- Пасля сустрэчы частка з іх прайшла да прыпаркаванага каля гарвыканкама мікрааўтобуса з надпісам «Пінск» і на ім з'ехала, — кажа праваабаронца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0