Мэдык-беларус, грамадзянін Эстоніі, Мікола Ільін загінуў 13 ліпеня на Данбасе падчас абстрэлу прарасейскімі сэпаратыстамі. Ён у групе ўкраінскіх вайскоўцаў спрабаваў эвакуяваць з «шэрай зоны» цела байца, які падарваўся на міне, піша радыё «Свабода».

22 ліпеня ў кіеўскім касьцёле сьвятога Аляксандра прайшла імша памяці Міколы Ільіна, якога затым крэміравалі. Днём раней грамадзянская паніхіда па загінулым адбылася ў Беларусі, у магілёўскім катэдральным касьцёле.

Паводле апошняга жаданьня Міколы Ільіна ягоны прах меўся быць разьвеяны ў трох краінах: Украіне, Беларусі і Эстоніі. 24 ліпеня волю Міколы блізкія выканалі на Дняпры ва Ўкраіне.

26 ліпеня над Дняпром у Магілёве, дзе Мікола Ільін нарадзіўся і жыў з маці да 2006 года, ягоны запавет таксама выканалі. Разьвітаньне адбылося ў коле родных і блізкіх паплечнікаў па апазыцыйнай дзейнасьці.

«Я так ганарылася, калі ў мяне нарадзіўся хлопчык, і так малілася за ўсіх дзяцей, якіх чакаюць маці. А мой Мікола ад мяне сышоў. Я не магу паверыць, што яго больш няма ў мяне», — казала маці Ірына Міхайлаўна, пасьля малітвы.

Мікола Ільін удзельнічаў у апазыцыйных моладзевых арганізацыях «Малады фронт», «Зубр». Пасьля плошчы 2006 года зьехаў ва Ўкраіну са спадзевам атрымаць грамадзянства, але дамагчыся гэтага яму не ўдалося. З Украіны з дапамогай украінскіх валянтэраў перабраўся ў Эстонію. Там вывучыўся на мэдыка. Ва Ўкраіну вярнуўся, каб дапамагчы ўкраінцам у барацьбе за тэрытарыяльную цэласнасьць краіны.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?