Цікава, як разумеюць дзеці выразы дарослых палітыкаў, кшталту фразы «пакрамсалі малога». Яе сказаў у апраўданне прыпынення трансляцыі расійскіх каналаў адзін з прадстаўнікоў айчыннага палітыкуму. Фельетон Лёліка Ушкіна.

Малы пхнуў нагою плюшавага мішку. Гуляць не хацелася нават у хакей.

Сітуацыя была поўная жэсць. Да малога дайшлі чуткі, што яго крамсаюць на расійскіх каналах.

За што — не мог зразумець хлопчык.

Ён быццам нічога антырасійскага не казаў. Пастараўся ўзгадаць: мо падпісваў петыцыю за вызваленне Хадаркоўскага, квасіў з Лімонавым або разам з Каспаравым прарываў ланцугі амону на маршы нязгодных? Быццам, не.

Трэба было тэрмінова параіцца з дарослымі.

І тут пачуўся знаёмы гук прапелера, і ў пакой уляцеў Карлсан.

— Вітаю, малы,— сказаў ён. — Давай дурэць і красці плюшкі ў фрэкен Бок!

— Ах, Карлсан, у мяне праблема, — хлопчыку было не да жартаў. — Мяне крамсаюць на каналах кшталту РэнТВ.

Карлсан пайшоў на пасадку.

— Спакойна, толькі спакойна. Ты ж ведаеш, хто самы лепшы ў свеце эксперт па расійскай унутранай палітыцы, — заявіў мужчына ў поўным росквіце сілаў. На думку Карлсана, усё сходзіцца на тым, што фрэкен Бок — сакрэтны рэзідэнт ФСБ: «Мы канкрэтна папалі, малы. Гэтак яна наступны раз нам з табою палоній у цефцелі падкладзе».

— І што мне рабіць: прасіць у бацькоў не сабаку, а прызнанне незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі?

— Ведаеш, што: а давай зараз да Пуціна?

Карлсан з Малым на спіне ляцелі нізка, амаль над хвалямі Балтыкі, і радары баранавіцкай РЛС не змаглі зафіксаваць парушэнне паветранай мяжы саюзнай дзяржавы.

Дзіва што Пуцін трохі ашалеў, калі ў акно яго кабінету ўляцелі без візы грамадзяне краіны заходняга блоку.

— Што за базар? — Карлсан перайшоў на расійскую мову. — У натуры, не разумею наезду на малога.

— М-м-м-м-м, дазволю падзяліцца думкай, што зараз усё вырашым, — ВВП падняў слухаўку.

Яму яўна не хацелася псаваць адносіны з Швецыяй ( краіна — адзін з лідэраў зімовых відаў спорту) напярэдадні сочынскай Алімпіяды.

— Алё, дырэкцыя РэнТВ? Што там у вас за кампанія супраць малога? Чаму вы яго крамсаеце? Патрабую не толькі не крамсаць, а наадварот, у два разы больш павялічаць яго прысутнасць у эфіры. І толькі пазітыўная падача. Зразумелі? Вось так.

Пуцін звярнуўся да гасцей.

— Усё ў ажуры. Дарэчы, Карлсан, не жадаеце рэкламаваць газаправод «Паўночная плынь»?

Карлсан узяў візітку, падхапіў малога і ўзяў курс на Стакгольм.

Назаўтра ў выпусках навінаў РэнТВ Дзмітрыя Мядзведзева паказалі ў два разы больш, чым звычайна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0