Як стала вядома праваабаронцам, 31 ліпеня для адбыцця раней вынесеных адміністрацыйных арыштаў затрымліваюць актывістаў у Мінску, Оршы, Наваполацку і іншых гарадах краіны.

Орша

Так, вядома, што для адбыцця 15-суткавага арышту ў Оршы быў затрыманы адміністратар тэлеграм-каналу «Орша для жыцця» Аляксандр Андрэеў. 

Таксама сёння асудзілі на 25 базавых велічынь штрафу Кацярыну Гарэлікаву, а проста з суда ў ІЧУ забралі Генадзя Ларыёнава. Ён быў асуджаны на 15 сутак арышту яшчэ 26 чэрвеня. 

Таксама сёння суд адбыўся і над Вадзімам Капорыкавым. Яго судзіў Мікалай Драгуноў, які прызначыў мужчыне пакаранне ў 12 сутак арышту

Вядома, што за кратамі знаходзіцца і Міхаіл Чамурака. Ён адбывае 10 сутак арышту, прызначаных судом 27 ліпеня. 

А 28 ліпеня быў затрыманы і асуджаны на 15 сутак арышту Ілля Ціханаў. У той дзень ён на сваёй машыне мусіў везці давераных асобаў Святланы Ціханоўскай на пікет у Талачын. 

Наваполацк

У Наваполацку забралі з дома Андрэя Зуева для адбыцця адміністрацыйнага арышту ў 14 сутак. Мужчыне пагражалi, што сацыяльная служба прыйдзе для праверкі ўмоў пражывання яго малых дзяцей.

На 14 сутак таксама забралі і Артура Сiнегу проста з працы — завода Нафтан.

Мінск

Тэлеграм-канал «Еўрапейскай Беларусі» паведамляе аб арышце іх актывіста Яўгена Афнагеля. У дадзены момант актывіст знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціна. Меркавана ён адбывае 15-сутачны арышт за пікет па зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў, які праходзіў на Камароўскім рынку. Пры якіх абставінах і дзе Яўген Афнагель быў затрыманы, невядома.

Таксама адбываць раней прысуджаныя 15 сутак арышту забралі актывіста Максіма Вінярскага.

Брэст

У Брэсце яшчэ 28 ліпеня быў затрыманы Андрэй Шарэнда, сёння яго даставілі ў суд. Яго вінавацяць па арт. 23.34 КаАП за тое, што ён нібыта размясціў заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах ў тэлеграм-канале. 24 ліпеня ў доме Андрэя Шарэнды адбыўся ператрус, міліцыя канфіскавала лічбавыя носьбіты і прылады. У выніку суд пакараў Шарэнду 15 суткамі арышту за заклік у інтэрнэце да ўдзелу ў акцыі 14 ліпеня. 

Слуцк

У Слуцку ў другой палове дня 31 ліпеня былі затрыманыя валанцёры «Краіны для жыцця» Шыловіч Арцём, Анісейка Сяргей і Якубовіч Уладзімір за раздачу памятак «Сумленных людзей».

Маладзечна

У 17:30 у Маладзечне былі затрыманыя журналісты «Белсата» Зміцер Міцкевіч і Дзяніс Дзюба, якія вялі прамы эфір з агітацыйнага мітынгу Святланы Ціханоўскай. Міліцыянты не патлумачылі прычыну затрымання і адразу загадалі выключыць камеру, паведамляецца на сайце каналу. Таксама затрымалі журналістаў Марыю Арцыбашаву і Алеся Сіліча.

Ліда

У Лідзе затрыманыя журналісты «Белсата» Галіна Абакунчык і Уладзімір Лунёў. Яны вялі стрым з мітынгу Святланы Ціханоўскай у Лідзе.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна