Учора ўвечары, 23 жніўня, у Маладзечне на Цэнтральнай плошчы сабралася каля 100 чалавек. У выніку іх разагналі два дзясяткі міліцыянераў, піша Рэгіянальная газета.
На Цэнтральнай плошчы ў Маладзечне знаходзілася каля ста чалавек пад парасонамі. Увечары ў горадзе ішоў дождж. У некаторых былі бел-чырвона-белыя сцягі і шарыкі.
Людзі сабраліся каля помніка Леніну. Тады да натоўпу падышлі чатыры супрацоўнікі міліцыі ў форме, два — у цывільным. Адзін з супрацоўнікаў папярэджваў у мегафон, каб людзі разышліся. Два супрацоўнікі — адзін у цывільным, а другі ў форме — здымалі людзей на відэакамеры.
Міліцыянеры кажуць, што па сённяшняй акцыі ўжо пачалі адміністрацыйныя справы. Гаворка ішла пра шэсце.
У мегафон прагучала: «Не стварайце сабе праблем».
Адзначым, што мабільны інтэрнэт не працаваў.
Потым да натоўпу выйшлі два дзясяткі міліцыянераў, яны абышлі ўсю плошчу, а людзі пайшлі ў розныя бакі — да рынку, на Вялікі Гасцінец і да гасцініцы. Па плошчы праходзілі людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі, але міліцыянеры не падыходзілі да іх і не затрымлівалі.
Калі людзі разышліся, супрацоўнік маладзечанскай міліцыі Сяргей Гамбіцкі, які быў у цывільным побач з міліцыянерам з мегафонам перад натоўпам, сарваў са слупа шарыкі, лопнуў іх і выкінуў у сметніцу. На гэтым акцыя завяршылася.