Беларускае грамадства сталее і структурызуецца на вачах. Людзі патрабуюць праўды і магчымасці рэальна ўплываць на жыццё сваёй краіны. Людзі збіраюцца на мітынгі і шэсці, выстройваюць ланцугі свабоды і робяць гэта не на загад уладаў, не ў адказ на заклік нейкіх партый ці лідараў, а паводле ўласнага жадання. У выніку на вуліцах з’яўляецца Народ, Нацыя.

Кожны народ мае свае гістарычныя сімвалы, якія звычайна называюць нацыянальнымі. Нацыянальная сімволіка прысутнічае ў штодзённым жыцці людзей, найперш у вопратцы. Яна выкарыстоўваецца людзьмі як у найбольш урачыстыя і святочныя моманты, так і ў час, калі само жыццё патрабуе згуртаванасці нацыі, найперш у пераломныя моманты змагання за незалежнасць сваёй дзяржавы.

Так было ў 1917—1918 гады, калі ўзнікла першая беларуская нацыянальная дзяржава — Беларуская Народная Рэспубліка, дзяржаўным сімвалам якой стаў бела-чырвона-белы сцяг. Сцяг, які адразу быў прыняты народам і амаль усімі палітычнымі партыямі.

Так было ў 1990—1991 гады, калі ўтварылася суверэнная Рэспубліка Беларусь і яе сімваламі сталі герб «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг. 19 верасня 1991 года Вярхоўным Саветам былі прыняты законы «Аб назве Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ўнясенні зменаў у Дэкларацыю Вярхоўнага Савета Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і Канстытуцыю (Асноўны Закон) Беларускай ССР», «Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь». За гэтыя законы прагаласавала большасць дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларусі.

Так адбываецца і цяпер, калі народ Беларусі змагаецца за правядзенне новых прэзідэнцкіх выбараў, за захаванне правоў і свабод чалавека, за незалежнасць краіны. Аб’яднаўчым сімвалам ізноў стаў нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг. Паказальна, што яго вынеслі на вуліцы не палітыкі, а Народ, які стаў галоўным палітыкам.

Бела-чырвона-белы сцяг як сімвал Беларусі жыве ў душах людскіх, у чалавечай свядомасці, гэта нашыя беларускія колеры. Колькасць сцягоў на вуліцах проста ўражвае, выклікае пачуццё гонару.

Я гісторык і дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІ склікання, таго Вярхоўнага Савета, які прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР і вышэйзгаданыя законы ад 19 верасня 1991 года аб назве краіны і дзяржаўнай сімволіцы. Не сакрэт, што Вярхоўны Савет ХІІ склікання быў палітычна рознаполюсным і пераважала ў ім камуністычная большасць, сімваламі якой былі чырвоны сцяг і серп з молатам. Не сакрэт і тое, што пра нацыянальную сімволіку ў пачатку 1990-х гадоў мала хто ўвогуле ведаў. Рэпрэсіі савецкай улады супраць іншадумцаў, замоўчванне нацыянальнай гісторыі зрабілі сваю справу. Але, як аказалася, сцяг жыў і ў сэрцах, і ў свядомасці беларусаў.

Інакш было ў парламенце. Дэпутатам трэба было навуковае сведчанне, што гэта наш, беларускі нацыянальны сімвал. І такое сведчанне зрабіў Інстытут гісторыі Акадэміі навук БССР на пашыраным пасяджэнні Вучонага савета 12 верасня 1991 года. На ім прысутнічалі члены Вучонага савета, выбітныя беларускія гісторыкі: дактары і кандыдаты гістарычных навук М.П. Касцюк, М.В. Біч, М.К. Кошалеў, У.А. Палуян, Г.В. Штыхаў, Г.Я. Галенчанка, І.Я. Марчанка, П.Ф. Лысенка, А.М. Сарокін, В.І. Шадыра, М.М. Чарняўскі, В.С. Вяргей, Л.М. Лыч, А.М. Літвін, П.К. Бажко, Г.Г. Сяргеева, У.І. Вышынскі, П.А. Лойка, Г.Д. Кнацько і супрацоўнікі Інстытута — усяго 47 чалавек. Парадак дня, як адзначана ў Пратаколе №10 пасяджэння Вучонага савета Інстытута гісторыі, наступная: «Аб назве, Дзяржаўным гербе, Дзяржаўным сцягу Беларускай Савецкая Сацыялістычнай Рэспублікі».

Вучонымі таксама была падрыхтавана гістарычная даведка аб Дзяржаўным гербе і Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь, якая разам з Пастановай Вучонага савета Інстытута гісторыі была перададзена ў Вярхоўны Савет БССР і раздадзена дэпутатам перад галасаваннем.

Вось за што прагаласавалі вучоныя Інстытута гісторыі 12 верасня 1991 года:

«Зыходзячы з таго, што герб «Пагоня» мае шматвяковую гісторыю і адлюстроўвае сумесную гераічную барацьбу беларускага і літоўскага народаў за сваю незалежнасць;

  • што ён у канцы XIV стагоддзя стаў сімвалам іх дзяржаўнага саюза ў форме Вялікага Княства Літоўскага;
  • што ў слаўнай бітве пад Грунвальдам у 1410 годзе, якая паклала канец нямецкай агрэсіі на ўсход, беларускія палкі выступалі з «Пагоняй» на баявых сцягах;
  • што ў XV—XVI стагоддзях выява «Пагоні» была на харугвах Берасцейскага, Віцебскага, Полацкага, Мсціслаўскага, Менскага, Віленскага, Наваградскага ваяводстваў і шэрагу паветаў Беларусі;
  • што ў гербе «Пагоня» адлюстраваны нацыянальныя колеры беларускага народа — белы і чырвоны;
  • што герб «Пагоня» і геральдычна звязаны з ім бел-чырвона-белы сцяг у 1918 годзе зацверджаны Сакратарыятам Беларускай Народнай Рэспублікі ў якасці дзяржаўных сімвалаў Беларусі;
  • што герб і сцяг БССР, зацверджаныя ў 1951 годзе, не адлюстроўваюць шматвяковую гераічную гісторыю і нацыянальныя колеры беларускага народа і сталі сімваламі адміністрацыйнага рэжыму;
  • што пад сімваламі «Пагоня» і бел-чырвона-белым сцягам развіваўся і развіваецца беларускі адраджэнскі рух,

Вучоны савет Інстытута гісторыі АН БССР прапануе:

  1. Зацвердзіць у якасці Дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь герб з выявай «Пагоні» і бел-чырвона-белы сцяг.
  2. Лічыць мэтазгодным надаць суверэннай Беларускай дзяржаве назву: «Рэспубліка Беларусь».
  3. Вырашэнне пытання аб Дзяржаўным гімне Рэспублікі Беларусь даручыць кампетэнтнай камісіі.
  4. Сталіцы Рэспублікі Беларусь вярнуць старажытную назву — горад Менск».

Старшыня Вучонага савета М.П. Касцюк

Вучоны сакратар савета М.К. Кошалеў

Гэтае навукова абгрунтаванае заключэнне беларускіх гісторыкаў стала важкім аргументам для Вярхоўнага Савета падчас галасавання за новую назву дзяржавы і яе сімвалы.

Сімвалы аб’ядноўваюць, напаўняюць дзеянні сэнсам. Гісторыя дае шмат прыкладаў, калі падчас сацыяльна-палітычнага процістаяння апаненты імкнуцца знішчыць ці прынізіць сімвалы, якія яднаюць людзей — што б гэта ні было: чалавек, сцяг альбо белая ці чырвоная стужачка. Таму не дзіўна, што і ў Беларусі распачаліся спробы чарговай дыскрэдытацыі нацыянальнага бела-чырвона-белага сцяга. Хачу прыгадаць, што такое ўжо было падчас агоніі камуністычнага рэжыму, але ў выніку бела-чырвона-белы сцяг стаў дзяржаўным. Менавіта пад гэтым сцягам прайшлі першыя гады станаўлення суверэннай Рэспублікі Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?