Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет лічыць, што для дасягнення грамадзянскага міру ў Беларусі неабходныя рэформы, дыялог і прыцягненне да адказнасці тых, хто вінаваты ў сур'ёзных парушэннях правоў чалавека. Пра гэта яна заявіла ў панядзелак у Жэневе на 45-й сесіі Савета ААН па правах чалавека (СПЧ), піша ТАСС.

«Аднаўленне грамадзянскага міру ў Беларусі патрабуе глыбокага дыялогу, рэформаў і прыцягнення да адказнасці за сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека», — сказала яна. Бачэлет заклікала СПЧ «засяродзіць увагу на гэтых трох сферах, каб прадухіліць далейшую эскалацыю гвалту і незадаволенасці». Паводле яе слоў, «усе сцвярджэнні аб катаваннях і іншых формах дрэннага абыходжання з боку сілаў бяспекі павінны быць задакументаваныя і расследаваныя, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці».

Бачэлет нагадала пра паведамленні аб «гвалтоўных рэпрэсіях у дачыненні да мірных дэманстрацый», «празмерным ужыванні сілы», «выкраданні невядомымі асобамі людзей, якія маюць дачыненне да апазіцыі», а таксама пра арышты журналістаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0