У аўтарскім артыкуле, апублікаваным у панядзелак у электроннай версіі газеты The Washington Post, Святлана Ціханоўская пацвярджае, што па-ранейшаму не прызнае абвешчаныя ЦВК Беларусі вынікі галасавання на прэзідэнцкіх выбарах.
«Мы настойваем на мірным пратэсце і адмаўляемся ўжываць гвалт», — запэўнівае Ціханоўская. Па яе словах, «многія пытаюцца, ці будзе гэтага дастаткова». «Я лічу, што адказ — «так». Мы як краіна прайшлі пункт незвароту. У Лукашэнкі няма будучыні ў якасці лідара гэтай краіны, і ягоны сыход з улады — гэта толькі пытанне часу», — мяркуе Ціханоўская.
Будуць працягвацца масавыя дэманстрацыі, байкот дзяржаўнага апарату, ціск на інстытуты дзяржавы, піша Ціханоўская.
«Мы просім іншыя ўрады спыніць супрацоўніцтва з рэжымам і ўвесці санкцыі ў дачыненні да фізічных асоб, якія падрабілі вынікі выбараў і ўчынілі злачынствы супраць суграмадзян. Мы папярэджваем, што ўсе пагадненні з цяперашнім незаконным рэжымам Беларусі заключаюцца іншымі краінамі на іх уласны страх і рызыку, і мы не можам гарантаваць, што будучы законна і свабодна абраны ўрад будзе прытрымлівацца такіх пагадненняў. Насуперак дзяржаўнай прапагандзе, час на нашым баку. Няма сумневу ў тым, што мы пераможам», — піша Ціханоўская.