Падзеі апошняга месяца журналісцкая супольнасць перажывала па-рознаму: адны журналісты ігнаравалі гукі стральбы, выбухаў, сляды крыві і факты жорсткага пераследу людзей за іх перакананні, распавядаючы пра ўборку ўраджаю і надоі, іншыя пісалі заявы на звальненне і сыходзілі са сваіх пасад. Бо не хацелі рабіць выгляд, што нічога не адбываецца.

Але сярод супрацоўнікаў дзяржСМІ ёсць і тыя, хто, нягледзячы на пакуты сумлення, вымушаны працягваць пісаць «правільныя» навіны, — маладыя журналісты, якіх размеркавалі ў дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі.

Ілюстрацыйнае фота. Галоўная старонка «Ляхавіцкага весніка»

— Падчас вучобы, на апошнім курсе, уладкавалася працаваць у гарадскі партал. Дынамічнае выданне, якое адпавядае сучасным тэндэнцыям у журналістыцы і закрывае патрэбы людзей у цікавых навінах. Было займальна. Але разумела, што наперадзе мяне чакае размеркаванне. Старалася не думаць пра гэта, а потым трапіла ў адну з раённых газет Брэсцкай вобласці.

Спачатку была стадыя адмаўлення, потым забыцця — мне здавалася, што ўсё адбываецца не ў рэальнасці, а цяпер адчуваю бязмерную агіду да таго, што вымушаная працаваць на ўладу, а не на людзей, — распавядае 23-гадовая Марыя (імя змененае).

Тым не менш закрываць вочы на тое, што адбываецца ў краіне, дзяўчына з іншымі маладымі калегамі па выданні не жадае. Яны вымушаныя працаваць у гэтым сродку масавай інфармацыі, але наадрэз адмаўляюцца пісаць тэксты на палітычныя тэмы і ўжо неаднаразова выклікалі на дыялог рэдактара.

— Начальнік ведае, што мы не падтрымліваем дзейную ўладу, ходзім на мітынгі. Не забараняе. Напэўна, стараецца не звяртаць увагу. Мы нават спрабавалі наладзіць дыялог. Прасілі, каб у публікацыях у газеце і на сайце рэдакцыя не настолькі адкрыта падтрымлівала адзін бок, а хаця б прытрымлівалася нейтралітэту. Наша жаданне праігнаравалі. Усе нататкі ў палітычным аглядзе пра мітынгі, забастоўкі, дзеянні апазіцыі працягваюць мець ярка негатыўную афарбоўку, — адзначае дзяўчына.

І таксама распавядае, што ў перыяд перадвыбарнай гонкі і наступных падзей рэдактар выдання паступаў аналагічна: патрабаваў выкладваць на сайт мноства навін пра стабільнага дзейнага прэзідэнта і апазіцыю, якая, наадварот, быццам бы спрабуе раздрабіць грамадства.

На гэта звярнулі ўвагу падпісчыкі. Яны востра рэагавалі на падобныя публікацыі і пісалі гнеўныя каментары пра тое, што «газета, якая неаб'ектыўна адлюстроўвае факты, не заслугоўвае павагі», павальна сталі адпісвацца як ад сацыяльных сетак, так і ад самой газеты.

— Тыраж упаў больш чым на тысячу падпісчыкаў, — падкрэслівае Марыя.

Ілюстрацыйнае фота. Галоўная старонка вілейскай раёнкі «Шлях перамогі»

Перажываючы пастаянны стрэс і сорам, непрыязнасць да ўласнай дзейнасці і адсутнасць магчымасці асвятляць тыя тэмы, якія хочацца, дзяўчына працягвае працаваць, таму што рэсурсу для аплаты навучання, калі яна звольніцца, няма. І такіх маладых людзей мноства. Сярод іх, напрыклад, 22-гадовая дзяўчына Дар'я, якая адпрацоўвае ў адной з раённых газет Магілёўскай вобласці.

— Калі шчыра, была ідэалістам, калі ехала на размеркаванне. Не надта спалохалася. Было шмат ідэй і планаў, адчувала натхненне. Але гэта было спачатку, а праз тыдзень ужо плакала. Я чакала магчымасці рэалізаваць задумы, а сутыкнулася з пастаяннымі забаронамі: прапаную тэму — раяць яе не браць, бо «такое не варта асвятляць у раёне».

А на інтэрв'ю часта даводзіцца чуць: «Пра мінусы ў працы распавяду, але гэта не для запісу». І ўсё гэта не напішаш: нельга, выкрасляць. Усё павінна быць выдатна і весела. Такая неабходнасць — вымушана замоўчваць, згладжваць вострыя праблемы — заўсёды раздражняла, а цяпер усё стала яшчэ горш, — падкрэслівае дзяўчына.

— Быў момант, калі прыйшла ў рэдакцыю з белай стужкай на руцэ — з боку начальства і калег давялося выслухаць крыкі і абразы ў свой адрас. Асабліва ўразіла абсалютна камічная фраза «завербавалі, гэта крыж на тваёй кар'еры, лепш бы табе замуж выйсці», — распавядае Дар'я.

Але на гэтым сутычкі з кіраўніцтвам не скончыліся: пасля таго як дзяўчына пакінула ўласны подпіс пад зваротам да міністра інфармацыі, ёй давялося пісаць тлумачальную.

— Не разумею, чаму ў вольны ад працы час я не маю права рабіць тое, што хачу, дык яшчэ і абавязаная пісаць праз гэта тлумачальныя? Хоць у гэтай сітуацыі ёсць і станоўчы бок: магчыма, дзякуючы гэтым выпадкам мяне не прымусілі хадзіць на праўладныя мітынгі. Я з чыстым сумленнем, толькі па ўласным жаданні, прыязджаю ў Менск і хаджу на мірныя акцыі салідарнасці з людзьмі, чые перакананні таксама падзяляю і падтрымліваю, — заўважае дзяўчына.

У газету Дар'я зараз імкнецца не зазіраць. Гаворыць, наконт сітуацыі ў краіне там нічога аб'ектыўнага. Яна, вядома, спрабуе не браць тэмы пра палітыку, але лягчэй ад гэтага не становіцца.

— Я не пішу. Але ў газеце гэта робяць. І я яе частка. Наогул, было вельмі непрыемна, калі на вуліцах збівалі і калечылі людзей, а на палосах стаялі матэрыялы, дзе цалкам ігнараваліся бясчынствы і беззаконне.

У мяне ў першыя дні пратэстаў сябра забралі. Сачыла за пошукам па чатах і адчувала велізарнае пачуццё віны, што ён пакутуе і што потым яго яшчэ і могуць абвінаваціць у нейкіх супрацьзаконных дзеяннях, а я буду пісаць пра тое, як усё добра, — адзначае дзяўчына.

Тым не менш Дар'я не можа сказаць, што дзяржаўная газета — абсалютнае зло. Ёсць і добрыя рэчы. Але пры магчымасці сысці — неадкладна пакінула б сцены рэдакцыі, аднак рэалізаваць гэта не ў стане.

— Хацела звольніцца і заплаціць за навучанне. Ледзь не вырашылася — бацькі адгаварылі. Сума вялікая, я і мая сям'я не можам сабе такога дазволіць, таму застануся. Але на маю пазіцыю гэта, вядома, ніяк не паўплывае — буду і далей адмаўляцца ад «правільных» навін, хадзіць на мітынгі і чакаць добрых пераменаў у любімай краіне, — распавядае Дар'я.

Ілюстрацыйнае фота. Галоўная старонка касцюковіцкай раёнкі

Яшчэ адзін карэспандэнт адной з раённых газет Гомельскай вобласці Данііл зусім нядаўна правёў некалькі сутак у Цэнтры ізаляцыі правапарушэнняў.

— Заўсёды лічыў, што сродак масавай інфармацыі — гэта не прэс-служба прэзідэнта або дзяржаўнага органа, а тое месца, дзе абавязаны пісаць пра ўсё, што адбываецца ў горадзе, краіне і грамадстве ў цэлым. На мой погляд, любая газета, радыё, тэлебачанне і сеткавыя выданні павінны выступаць у якасці кантралёра ўсіх структур грамадства, галін улады, закранаць не толькі станоўчыя сферы жыццядзейнасці грамадства, але і распавядаць пра негатыўныя аспекты існавання, каб звяртаць на іх увагу і пасля нівеліраваць і выпраўляць сітуацыю. Але такое ў дзяржСМІ, дзе публікацыі праходзяць жорсткае ідэалагічнае фільтраванне — рэдкасць, — адзначае малады карэспандэнт.

Хлопец нядаўна працуе ў раённай газеце, аднак ужо азнаёмлены, якія навіны могуць пайсці ў друк, а якія так і не змогуць трапіць на старонкі дзяржаўнага выдання.

— Я хачу быць справядлівым журналістам, таму закрываць на падобныя моманты вочы не збіраюся. Хай забараняюць пісаць матэрыялы пра падзеі, якія адбываюцца, насіць белыя стужкі, хадзіць на мітынгі і палохаюць звальненнем — я буду працягваць гэта рабіць, каб нешта змянілася і журналістаў не затрымлівалі толькі за тое, што яны сумленна выконваюць сваю працу, — адзначае хлопец.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?

Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера