president.gov.by

president.gov.by

Віктар Марціновіч для budzma.by пра пытанні, якія выклікала патаемная інаўгурацыя.

Інаўгурацыя была прыдуманая ў Старажытным Рыме як магічны рытуал, гаданне аўгура па палёце птушак (згадайма выпадак з сокалам і пацуком падчас пасяджэння ЦВК па рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты 14.07).

Менавіта прагноз удзельніка аўспіцыі пра тое, якім будзе кіраванне таго ці іншага чалавека, «транслявала» волю нябёсаў і дапамагала пазбегнуць фатальных памылак.

Пасля таго як хрысціянства выціснула паганскія забабоны, інаўгурацыя ператварылася ва ўрачыстую заяўку манарха на трон.

Менавіта гучнасць і размах тут вызначалі «паспяховасць» працэдуры. Усе жыхары каралеўства мусілі даведацца і спрычыніцца да каранавання новага лідара дзяржавы. І нават калі яны не былі запрошаныя, яны мусілі ведаць і рыхтавацца да гэтага ўрачыстага дня.

Падзею, якая адбылася сёння, з цяжкасцю можна назваць інаўгурацыяй, бо яна не мела аднаго з прынцыповых складнікаў інаўгурацыі — гучнасці і адкрытасці.

Яе не проста не анансавалі, яе дату адмаўляліся назваць тады, калі ў Палац ужо падцягваліся запрошаныя.

Вы ўжо заўважылі, што яе, насуперак закону, не транслявалі па тэлебачанні, не ўнеслі ў сетку праграм?

Але што больш важна — на ёй не прысутнічалі тыя, хто мусіў прысутнічаць: усе дэпутаты Палаты прадстаўнікоў як прадстаўнікі народа (улада жыве ў тым свеце, дзе дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў сапраўды абірае народ); дыпламаты ўсіх замежных дзяржаў — як падмурак міжнароднай легітымнасці.

Такой «інаўгурацыі» не ведае гісторыя, такога не адбывалася проста нідзе дагэтуль.

Больш за тое, прыметнікі «сакрэтная», «патаемная» з’яўляюцца антонімамі паняцця «інаўгурацыя».

Гэта як спеў шэптам.

Ці нерухомы танец.

Падпольны ўступ на пасаду востра ставіць шэраг пытанняў:

Калі ўступленне на пасаду адбываецца таемна, дык і ўладаранне мусіць адбывацца таемна, не?

Што адчулі сотні тысяч «вертыкальшчыкаў», якія працягвалі ўпэўніваць сябе, што ўлада папулярная, а пратэстуюць толькі дзве-тры тысячы адмарозкаў? Калі пагроза вулічных выступаў вымушае праводзіць максімальна публічныя цырымоніі ў рэжыме сакрэтнасці, як будуць выконвацца законы, дэкрэты, указы? Якую сілу яны цяпер маюць? Хто і ў якім статусе іх будзе прымаць?

Хто тыя людзі, што былі ў зале? І чаму беларусы мусяць лічыць інаўгураваную асобу сваім прэзідэнтам, а не кіраўніком людзей, якім пра тую падпольную інаўгурацыю як след паведамілі?

Няўжо цяпер і дарадцы прэзідэнта зыходзяць з таго, што пратэсты ў агляднай будучыні нікуды не знікнуць і сітуацыя не зробіцца спакайнешай?

Хто дакладна гэта прыдумаў, гэты фармат? Хто яго зацвердзіў, праз якія стадыі выспявання праходзіла ідэя «партызанскай інаўгурацыі»? Прозвішчы датычных увойдуць у ганаровую кнігу беларускага супраціву, бо большай падставы для кіраўніка, які лічыць, што набраў 80 адсоткаў, зрабіць было немагчыма.

Калі вы засакрэцілі інаўгурацыю, ці не наспеў час засакрэціць і спісы чальцоў урада, міністраў, чыноўнікаў, дэпутатаў?

Бо як нехта наверсе баіцца рабіць гучны анонс свайго ўрачыстага ўваходу ў кіраванне краінай, чаму ягоныя падначаленыя не мусяць пачаць баяцца ўласнай датычнасці да гэткай сістэмы?

Праведзеная як след інаўгурацыя — адзін са складнікаў легітымнасці. Якую легітымнасць адкрывае такая інаўгурацыя? І чаму і як тая легітымнасць можа выходзіць за межы пакоя, у якім адбываўся сакрэтны рытуал?

Калі Расія — асноўны стратэгічны партнёр чалавека, які патаемна інаўгураваўся, чаму пра падзеі ў Палацы 23.09 не ведалі нават у Крамлі? І што гэта кажа пра сапраўдны ўзровень даверу паміж партнёрамі?

Якім чынам праезд картэжу па перакрытым праспекце замяняе анансаванне мерапрыемства і чаму мусіць успрымацца як праява таго, што падзея не была сакрэтнай?

ЕС бачыў Лукашэнку легітымным прэзідэнтам да 5 лістапада, часу заканчэння паўнамоцтваў у мінулай кадэнцыі. Менавіта ў такой якасці планаваліся перамовы з ім па пераадоленні палітычнага крызісу. Наяўнасць якога яскрава падкрэсліваюць акалічнасці інаўгурацыі. Прыняцце пасведчання азначае, што папярэдні тэрмін скончаны і пачаўся новы. З кім зараз мусіць перамаўляцца ЕС?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?