Пасля пратэстнай акцыі 13 верасня ў Гомелі на асабістым аўто была затрыманая жыхарка Рэчыцы Марыя Барадзіна. Прычынай затрымання міліцыя назвала падазрэнні з кодам аўтамабіля, піша Гомельская вясна.

Са слоў 62-х гадовай жанчыны яна пашыла і прывезла ў Гомель велізарны 23-метровы бел-чырвона-белы сцяг, які пратэстоўцы неслі ў калоне падчас акцыі. Бліжэй да вакзала нацыянальны штандар згарнулі і паклалі ў багажнік Таёты Барадзіной.

«Я адразу ж была затрыманая разам з аўто, дастаўлена ў Чыгуначны РАУС Гомеля, дзе мяне абвінавацілі ў несанкцыянаваным вулічным шэсці. Аўтамабіль са сцягам мне не аддалі, ён застаўся на стаянцы ў аддзяленні міліцыі. Назаўтра суд Чыгуначнага раёна Гомеля выпісаў мне штраф 810 рублёў, пытанне аўтамабіля са сцягам засталося судом нявырашаным», — распавяла жанчына.

Адміністрацыйны штраф абскарджаны ў абласным судзе. Было прынята рашэнне запісацца на асабісты прыём да начальніка РАУС з патрабаваннем вярнуць аўтамабіль і сцяг, што незаконна ўтрымліваюцца, іх законнаму ўладальніку.

23 верасня пасля размовы з начальнікам раённай міліцыі Ігарам Цімашэнкам аўтамабіль з 23-х метровым бел-чырвона-белым палотнішчам вярнулі Марыі Барадзіной.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0