Адвакат Сяргей Зікрацкі пракаментаваў справу Ягора Марціновіча ў сваім фэйсбуку.

«Вельмі кароткі юрыдычны лікбез. Чаму журналіста нельга судзіць за паклёп.

Па-першае, за паклёп наогул нельга судзіць. Міжнародныя прынцыпы свабоды выказвання меркавання і дзейнасці медыя зыходзяць з таго, што адказнасць за паклёп можа быць толькі грамадзянска-прававая.

Калі былі распаўсюджаныя выказванні, якія ганяць рэпутацыю, то на медыя або журналіста можа быць накладзены штраф. Але журналіст не можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.

Але ў некаторых краінах яшчэ засталася крымінальная адказнасць за паклёп. Таму — па-другое.

Па-другое, арт. 188 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае, што адказнасць за паклёп надыходзіць толькі пры наяўнасці прамога намеру. Гэта азначае, што асоба ведае, што звесткі недакладныя, і тым не менш іх распаўсюджвае.

Журналіст, які атрымлівае інфармацыю ад сваіх крыніц, не можа дакладна ведаць, кажа крыніца праўду ці не. У гэтай сувязі ў журналіста ў абсалютнай большасці выпадку не можа быць прамога намеру на распаўсюд ілжывых выказванняў.

Упэўнены, што справа ў дачыненні да Ягора Марціновіча павінна быць неадкладна спыненая».

Галоўнага рэдактара НН Ягора Марціновіча затрымалі раніцай 23 верасня. Яго затрыманне і крымінальная справа, імаверна, звязаныя з інтэрв'ю дыджэя Сакалоўскага, які расказаў, што на Акрэсціна яго біў у карцары чалавек, падобны да намесніка міністра ўнутраных спраў.

Пасля допыту ў Следчым камітэце Ягора Марціновіча змясцілі на трое сутак у ІЧУ на Акрэсціна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0