Да трохдзённага посту і ўзмоцненай малітвы дзеля добрых перамен у грамадстве і вяртання міру ў Беларусь заклікаў праваслаўных кіраўнік БПЦ Веніямін, Патрыяршы экзарх усёй Беларусі, выступаючы 23 верасня на прэс-канферэнцыі «Захаванне культурна-гістарычнай спадчыны беларускага народа: аднаўленне Напрастольнага крыжа Тураўскай епархіі XII-XIII стст», піша church.by.
— З усёй адказнасцю кажу, усведамляючы важнасць сваіх слоў, што ніхто як Бог дапаможа. Заклікаю ў паручыцелі за мае словы Маці Божую і нашых беларускіх святых. Яны нас вучаць, што зло можна пераадолець дабром і зваротам да Бога — сказаў прадстаяцель Беларускай Царквы.
Выказаўшы глыбокае спадзяванне на тое, што ў адказ на малітвы народу будзе водгук з Неба, Уладыка сказаў:
— Калі ж словы мае будуць падманлівымі, то хай нават завершыцца жыццё маё!
Але прашу вас адгукнуцца на мой заклік. Сіла Сумленнага і Жыватворчага Крыжа, не пакінь нас грэшных!





