Фота Надзеі Бужан
Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі (НББ) Павел Калаўр сустрэўся ў чацвер у Мінску са старшынёй праўлення Газпрамбанка Андрэем Акімавым, паведамілі «Інтэрфаксу» ў НББ.
«Сустрэча [Калаўра з Акімавым] была. Абмяркоўвалася двухбаковае супрацоўніцтва, у тым ліку пытанні фармавання органаў кіравання ААТ «Белгазпрамбанк», — сказалі «Інтэрфаксу» ў прэс-службе НББ.
Вынікі перамоў прэс-служба не каментуе.
Як паведамлялася, Нацбанк Беларусі ўвёў з 15 чэрвеня часовую адміністрацыю ў Белгазпрамбанку пасля таго, як Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК распачаў крымінальныя справы ў дачыненні да шэрагу супрацоўнікаў, у тым ліку членаў праўлення. Акцыянеры тады заявілі, што рашэнне Нацбанка аб змене кіраўніцтва Белгазпрамбанка з'яўляецца грубым парушэннем міжнароднага заканадаўства.
Праблемы ў банку пачаліся пасля таго, як Віктар Бабарыка, які ўзначальваў яго з сярэдзіны 2000 года, абвясціў пра свой намер балатавацца на пасаду прэзідэнта Беларусі. Бабарыка быў арыштаваны 18 чэрвеня.
Улады абвінавачваюць яго ў арганізацыі злачыннай групы па адмыванні нелегальных даходаў, ухіленні ад выплаты падаткаў і дачы хабару. Таксама былі арыштаваныя 6 з 9 членаў праўлення банка, у тым ліку в. а. старшыні праўлення Кірыл Бадзей.





