У чацвер днём перастала выходзіць на сувязь адвакатка Людміла Казак, якая абараняе Марыю Калеснікаву, паведаміў TUT.BY адвакат Віктар Мацкевіч.
— У 13:50 Людміла рассталася са сваёй калегай, з якой сустракалася на вул. Камуністычнай. Спяшалася на судовае пасяджэнне. У суд яна не прыехала. Машына прыпаркаваная на Камуністычнай, зачынена, — паведаміў Мацкевіч.
Муж Казак падае заяву аб выкраданні чалавека ў РУУС Цэнтральнага раёна, паведаміў Мацкевіч.
— Мы з мужам Людмілы лічым, што яе знікненне звязана з прафесійнай дзейнасцю, — дадаў Мацкевіч.
Чытач «Нашай Нівы» паведаміў нам пра затрыманне на Камуністычнай. Магчыма, гэта і было затрыманне Казак.
«У 13:50 насупраць Камуністычнай, 24, невядомыя затрымалі дзяўчыну і павезлі на машыне Geely 8971 ТА-7. Дзяўчына крычала «Ратуйце!» шмат разоў».
Дапоўнена: Адвакатка Марыі Калеснікавай Людміла Казак затрыманая за адміністрацыйнае правапарушэнне і знаходзіцца ў РУУС. Пра гэта паведаміла агенцтва ТАСС.





