«Я навучылася прафесіі і даведалася, як працаваць нельга. Лічу за лепшае жыць з расплюшчанымі вачыма. Беларусы заслугоўваюць ведаць праўду, як і заслугоўваюць жыць у абсалютна іншай, лепшай версіі сваёй краіны», — напісала сёння ў сваім інстаграме журналістка Агенцтва тэлевізійных навін БТ Аляксандра Кавеліч. І звольнілася.
Аляксандра ішла да гэтага больш за месяц — сябры нават прапаноўвалі скінуцца і плаціць ёй грашовую дапамогу, пакуль яна не знойдзе новую работу.
Фота са старонкі ў Інстаграм
Чаму з БТ працягваюць сыходзіць людзі? Пра гэта дзяўчына расказала «Нашай Ніве».
«На БТ я працавала з 2017 года. Дарога на экран была цяжкай: доўга стажыравалася, потым была рэдактарам і спецыяльным карэспандэнтам.
Мая работа не была звязана з асвятленнем палітыкі, перадусім я расказвала пра Мінск і Мінскую вобласць, пра людзей таленавітых і адкрытых, пра якіх хочацца расказаць.
Але ў жніўні ўжо немагчыма было сыходзіць ад палітычных тэм: пачалі з'яўляцца задачы зрабіць матэрыялы ў падтрымку «палітыкі кампаніі», а што гэта за «палітыка» — усе разумеюць.
Прыходзіш на работу — атрымліваеш даручэнне, адмаўляцца некарэктна, ты павінен гэтага зрабіць.
На мяне паўплываў матэрыял пра датэрміновае галасаванне.
Быў вельмі спецыфічны ўчастак, «экспертаў» нават не трэба было апытваць — гатовыя відэа мне ўжо прадаставілі калегі, гэта ўсё было пададзена як паўсюдная карціна, хаця сама я разумела, што нават тыя нешматлікія людзі, якія з намі гаварылі на ўчастку, прыйшлі туды, бо іх «папрасілі».
Ужо ў сярэдзіне жніўня накіпела, калектыў задаваў пытанні: чаму мы павінны падаваць інфармацыю аднабока, перакручваць? Гэта я асабіста таксама пытала ў начальства, але ніякага адказу не атрымала, адказ адзін: калі вам не падабаецца — вы ведаеце, што рабіць.
Пры гэтым на тэлебачанні шмат класных журналістаў, але ёсць ідэалагічная верная кагорта, якая вызначае палітыку кампаніі, дае пэўныя ўказанні, як усё павінна быць.
І я вырашыла звольніцца. Спачатку пайшла ў адпачынак, каб абдумаць усё, а потым звольнілася. Мне прыкра ад таго, што робіцца на тэлевізары: як падаюцца навіны? Гэта недапушчальна, гэта непавага да гледача, які чакае сумленнай інфармацыі.
Калі чалавек глядзіць толькі дзяржаўныя навіны, не мае крытычнага мыслення, то ён становіцца закладнікам аднабокай, няправільнай і несумленнай карціны свету, я не магла больш у гэтым удзельнічаць», — сказала Аляксандра.
Па яе словах, з АТН сышло каля 20 чалавек — гэта журналісты і аператары.
Агульную колькасць людзей разам з тэхнічным персаналам яна ацэньвае як «больш за сотню».
Далей дзяўчына збіраецца паспрабаваць сябе ў ІТ.





