Паўгода таму 17-гадовы Арцём Яршоў з Высокага ўдарыў бацьку сякерай: хлопец не вытрываў чарговых п’яных здзекаў з сябе і маці. У выніку бацька трапіў у рэанімацыю, дзе і памёр.
Хлопца змясцілі пад варту, паўналецце ён сустрэў на судовым пасяджэнні. Пракурор прасіў для Арцёма 6 гадоў зняволення.
Але нечакана суд прызнаў, што свой учынак Арцём здзейсніў у стане афекту. 2 кастрычніка хлопца вызвалілі.
Сёння хлопец ужо дома, у Высокім. Ён пагадзіўся пагутарыць з «Нашай Нівай».
«Калі мяне вызвалілі, я быў у шоку. Думаў, што дадуць 6 гадоў, як прасіў пракурор. У мяне не было інфармацыі пра вынікі экспертызы, я не ведаў, што мой учынак прызналі здзейсненым у стане афекту.
Таму падчас вызвалення я быў агаломшаны. Не плакаў — стараюся не даваць волю эмоцыям, — але быў вельмі рады», — расказвае Арцём.
Хлопец кажа, што зняволення ўжо не так баяўся:
«Я пакуль сядзеў у СІЗА, ужо разумеў, што такое быць за кратамі. Таму і ў калоніі неяк бы адаптаваўся».
Сваё 18-годдзе Арцём сустрэў таксама пад вартай. Якраз у гэты дзень — 15 ліпеня — хлопец быў на судзе.
«Тады якраз прызначылі мяне адправіць у Мінск, у Навінкі, на экспертызу, — згадвае Яршоў. — У той дзень у мяне была нават трохі радасць. Усё ж дзень народзінаў, 18 гадоў.
Было і сумна, што сустракаю яго за кратамі, але мне ўзнялі настрой работнікі ізалятара. Яны прынеслі мне на дзень народзінаў торцік і цукеркі, было вельмі прыемна.
Увогуле ставіліся да мяне па-чалавечы і работнікі СІЗА, і сукамернікі. Я сядзеў у Брэсце, да паўналецця быў у камеры з двума людзьмі: дарослы мужчына, якога вінавацілі ў карупцыі за хабар, і малады хлопец, якому пагражаў вялікі тэрмін па «наркатычным» 328-м атрыкуле. Мы не сварыліся — усе ў адной лодцы.
Калі мне споўнілася 18 гадоў, суд накіраваў у Навінкі. І на тым пасяджэнні былі думкі, калі шчыра, каб гэта ўсё хутчэй ужо скончылася. Але ж была і надзея: суд сумняецца, можа, усё ж пазбегну гэтых 6 гадоў…
У Мінску змясцілі мяне на Валадарцы, пасля адвезлі ў Навінкі. Там было як у ізалятары: палата-камера на чацвярых, часам выводзілі на шпацыр. Там я прабыў чатыры тыдні, са мной гутарылі псіхолагі, праводзілі тэсты.
Пасля вярнулі ў ізалятар, але ўжо ў «дарослую» камеру на 15 чалавек. Таксама было нармальна. Правілы ёсць, але нічога такога дзіўнага ці жорсткага не было. Усё ж пра турму былі ўяўленні з кіно ці серыялаў, а на самой справе ўсё прасцей. Людзі звычайныя, адэкватныя.
Дні ляцелі вельмі хутка. Штодня адно і тое ж, месяц праляцеў — я і не заўважыў».
З маці хлопец бачыўся на допытах, пакуль яму не споўнілася 18. Пасля — толькі лісты. Перадавалі вітанні і сябры, маці пісала пра гэта ў лістах. Казала, да яе на працу адмыслова заходзілі прыяцелі Арцёма, каб яна перадала ад іх прывітанні.
«Калі мяне адпусцілі, на судзе былі мама і бабуля. Бабуля — гэта маці майго бацькі. Але яна не вінаваціць мяне ў тым, што здарылася. У нас засталіся добрыя адносіны.
Першым чынам мы пайшлі на аўтастанцыю чакаць свой аўтобус у Высокае, — пасміхаецца Арцём, згадваючы свой першы дзень на волі. — Прыехалі ўвечары, і я сеў чытаць кніжкі на сайце самвыдата, там розныя фанфікі накшталт аматарскага працягу гісторый пра Гары Потэра. Хацелася проста пабыць дома, вось і ўсё.
За час за кратамі, я пасталеў, канечне. Стаў больш упэўнены ў сабе. Характар быў мяккі, цяпер стаў цвярдзейшы».
Мама Арцёма — звычайная прадавачка. Але ёй удалося наняць адваката для сына, бо збіраць грошы дапамагаў увесь горад. У некаторых крамах стаялі скрынкі для збору сродкаў.
«Сапраўды, увесь горад быў на маім баку, бо ўсе ведалі мяне і майго бацьку, — кажа Арцём. —
Я абдумваў усю гэтую гісторыю. Думкі круціліся… Але пра свой учынак я пашкадаваў, канечне. Трэба было, можа, цярпець. Ці пераехаць да бабулі. Аднаму — мама б не захацела.
Каб вярнуць час назад, я б не паступіў гэтак жа.
Раней, калі бацька скандаліў, я міліцыю не выклікаў, бо яго не забралі б надоўга. Ён бы вярнуўся, і было б яшчэ горш. Аднойчы мама праходзіла сведкай — суседзі выклікалі міліцыю на бацьку, бо шумеў. Бацьку забралі, ён вярнуўся — і з’явілася яшчэ адна нагода для скандалаў».
У школе казалі, што Арцём ніколі не скардзіўся на бацьку і праблемы ў сям’і.
«А які сэнс быў скардзіцца? Мама цярпела. Ну і я цярпеў. Браў прыклад з маці. Я бачыў, што яна хіба толькі сяброўкам пажаліцца на скандал, вось і ўсё. Ну і я гэтак жа. Я ніколі не бачыў, каб было нейкае супрацьдзеянне, акрамя цярпення. Ну і думаў, што гэта нармальна, трэба цярпець. Пакуль не з’еду куды-небудзь, ці што… Не ведаю. Пра тое, што я з’еду, а мама застанецца, я разумеў, але стараўся пра гэта не думаць, — кажа хлопец. — І пасля таго, што адбылося, я сам выклікаў міліцыю проста на аўтамаце. Была такая як праграма: трэба званіць ў міліцыю. Усвядоміў, што адбылося, ужо пазней, толькі ў ізалятары. Я разумеў, што будзе пакаранне, але абсалютна не ўяўляў якое. Не ведаў, што можа быць доўгі тэрмін. Калі высветлілася, што могуць пасадзіць на 6 гадоў, было, скажам так, не вельмі прыемна.
Пра смерць бацькі я даведаўся, пакуль быў у СІЗА. Калі шчыра, быў шок. Была напружанасць. Сёння ўжо я не скажу, што штосьці адчуваю. Я спакойны. Стараюся не думаць пра гэта. Дома асабліва нічога не змянілася — хіба толькі стала цішэй».
Цяпер Арцём плануе аднавіцца ў каледжы і знайсці нейкую працу, бо на зарплату мамы, якая працуе прадавачкай, асабліва не пражывеш.
«Я паступаў у Брэсцкі педуніверсітэт на настаўніка хіміі і біялогіі, але не прайшоў на бюджэт. На платным вучыцца грошай няма, таму пайшоў у мясцовы каледж. Вучыўся на электрыка-зваршчыка. Цяпер планую давучыцца, а пасля, як устану на ногі, ўсё ж атрымаць і вышэйшую адукацыю, — тлумачыць Арцём. —
Таксама планую знайсці нейкую падпрацоўку. Дома рамонт трэба рабіць. Сёння прыбіраўся ў хаце цэлы дзень — я цяпер за мужчыну ў доме, трэба наводзіць парадак».





