Фота «Моцныя навіны»
У Гомелі судзілі журналістку мясцовага партала «Моцныя навіны» — але ніхто з блізкіх і калег, якія дзяжурылі два дні ў будынку суда, не змог патрапіць на пасяджэнне. Надзеі Пужынскай далі 14 сутак, піша Tut.by.
У суботу, 3 кастрычніка, у Гомелі затрымалі галоўнага рэдактара «Моцных навін» Ганну Якштас і яе мужа Дзяніса, які таксама з'яўляецца работнікам выдання. Надзея Пужынская з роднымі Дзяніса павезла ім перадачу ў ізалятар.
«Ёй там нехта патэлефанаваў, яна адышла і знікла, а потым паведаміла, што знаходзіцца ў Савецкім РАУС. Потым стала вядома, што Надзея затрыманая ў сувязі з вядзеннем адміністрацыйнага працэсу паводле артыкула 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў)», — распавядаў раней уладальнік партала Пётр Кузняцоў.
У чым канкрэтна вінавацілі дзяўчыну, ніхто не ведаў.
Сёння, 6 кастрычніка, адбыўся суд. Як менавіта і дзе вынеслі рашэнне па справе — невядома. Пра яго «Моцным навінам» распавяла мама Надзеі: дачка патэлефанавала ёй пасля суда і паведаміла, што атрымала 14 сутак. Журналісты, што дзяжурылі ў судзе Савецкага раёна, не трапілі на пасяджэнне.
Ганне Якштас сёння далі штраф у 20 базавых: у яе ёсць непаўналетнія дзеці, і на «суткі» яе адправіць не могуць.
Дзяніс Якштас учора атрымаў 15 сутак.





